Мінск 10:15

За студзень — сакавік 2026 года МАЗ прадаў на рынку РФ у 3,9 раза больш новых аўтобусаў, чым за першы квартал 2025-га

Ілюстрацыйнае фота: сайт адміністрацыі Санкт-Пецярбурга

13 красавіка, Позірк. У сакавіку 2026 года на расійскім рынку прададзены 101 новы аўтобус Мінскага аўтамабільнага завода — у 4,2 раза больш, чым у тым жа месяцы 2025-га (24), сведчаць прааналізаваныя “Позіркам” даныя агенцтва “АСМ-холдынг” (РФ).

Больш за ўсё аўтобусаў у мінулым месяцы паставілі ПАЗ — 245 (-38,9%), ЛіАЗ — 135 (рост у 1,9 раза), НефАЗ — 106 (у 4,4 раза).

У першым квартале беларускае прадпрыемства рэалізавала ў Расіі 152 адзінкі (39; рост у 3,9 раза).

За 2025 год на рынак РФ паступіла 499 аўтобусаў МАЗ (у 2024-м — 504; -1%).

Лідарамі продажаў летась былі аўтобусы ПАЗ (6.006; -26%), YUTONG (1.302; -41,2%), ЛіАЗ (1.079; -62,7%).

Буйныя прамысловыя прадпрыемствы — БелАЗ, БМЗ, МТЗ, МАЗ, а таксама канцэрны “Белнафтахім” і “Беллеспаперапрам” — не выканалі заданні па пастаўках прадукцыі ў Расію. Пра гэта ішла гаворка 10 верасня 2025 года на пасяджэнні міжведамаснай працоўнай групы па ажыццяўленні маніторынгу сітуацыі з пастаўкамі ў РФ.

Беларускія аўтобусы рэгулярна загараюцца падчас руху ў РФ і Беларусі. Прычынай таму называюцца ўведзеныя супраць МАЗа дэмакратычнымі краінамі санкцыі, якія пазбавілі яго часткі якасных камплектуючых.

Апошні падобны выпадак адбыўся 24 сакавіка ў Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе — Югры (асобны суб’ект РФ, але тэрытарыяльна месціцца ў Цюменскай вобласці).

Перад гэтым два выпадкі ў Расіі, пра якія пісалі СМІ, былі зафіксаваныя ў Чэбаксарах 19 лютага і 22 студзеня. Да таго аўтобусы МАЗ гарэлі ў Самары 9 кастрычніка 2025 года, 5 ліпеня — у Іркуцку, 14 траўня — у Варонежскай вобласці, 5 красавіка — у Санкт-Пецярбургу, 23 сакавіка — у Кіраве, 13 студзеня — у Ліпецку.

Падзяліцца: