Мінск 10:33

ЕАБР назірае ўстойлівасць дэзінфляцыйных працэсаў у Беларусі

Ілюстрацыйнае фота: 1prof.by

13 красавіка, Позірк. Асноўным фактарам запаволення інфляцыі ў Беларусі стала зніжэнне тэмпаў росту цэн на харчовыя тавары — з 8,7% ў лютым да 7,8% у сакавіку (тут і далей у гадавым вымярэнні), гаворыцца ў штотыднёвым макрааглядзе Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР).

“Шмат у чым гэта звязана з больш умераным ростам цэн на сезонную гародніну і садавіну — 3,5% [у сакавіку] пасля 5,6% у лютым”, — адзначылі эксперты.

Разам з тым, гаворыцца ў аглядзе, “чакана паскорылася інфляцыя ў паслугах (6% пасля 5,4%) праз перанос падвышэння тарыфаў на ЖКП са студзеня на сакавік”.

Зніжэнне тэмпаў росту цэн, звярнуў увагу ЕАБР, “фіксуецца чацвёрты месяц запар”.

“На фоне запаволення базавай інфляцыі (6,4% пасля 6,8%) гэта паказвае на ўстойлівасць дэзінфляцыйных працэсаў”, — лічаць спецыялісты.

Банк пацвердзіў свае папярэднія прагнозы, згодна з якімі рост цэн па выніках 2026 года “застанецца ў межах мэтавага параметру — не вышэй за 7%”.

Спажывецкія цэны ў сакавіку 2026 года выраслі на 0,6%, ад пачатку года — на 1,6%, у гадавым выражэнні (да сакавіка 2025-га) — на 5,4%.

Нацыянальны банк робіць усё неабходнае, каб інфляцыя заставалася ў межах вызначанага на 2026 год паказчыка, і пакуль сітуацыя развіваецца “нават крыху лепш за прагнозы”, заявіў журналістам 4 красавіка ў Стаўбцоўскім раёне (Мінская вобласць) старшыня праўлення рэгулятара Раман Галоўчанка.

Чыноўнік канстатаваў, што ў свеце “шмат усялякіх рэчаў адбываецца”, таму “цяжка прадбачыць, як усё будзе” далей, але “ў цэлым пакуль дынаміка пазітыўная”.

“Калі яна замацуецца па выніках першага квартала і нашыя апераджальныя інструменты, апераджальныя індыкатары будуць паказваць доўгатэрміновасць гэтай тэндэнцыі, то я не выключаю, што мы разгледзім і пытанне пра зніжэнне стаўкі рэфінансавання, што, адпаведна, пазітыўна адаб’ецца таксама на стаўках на крэдытным і дэпазітным рынку”, – паведаміў кіраўнік рэгулятара.

25 чэрвеня 2025 года Нацбанк павысіў стаўку рэфінансавання з 9,5% да 9,75% гадавых.

Летась інфляцыя склала 6,8%. Згодна з зацверджанымі Аляксандрам Лукашэнкам важнейшымі прагнознымі параметрамі развіцця краіны на 2025 год, цэны не меліся вырасці больш чым на 5%. Такім чынам, афіцыйная інфляцыя па выніках года перавысіла планавы паказчык на 1,8 працэнтнага пункта.

Памесячныя паказчыкі “дапушчальнага росту цэн” да канца 2026 года зацверджаныя пастановай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю № 84 ад 30 снежня 2025-га.

Гадавы прырост не павінен перавысіць 7%, як і закладзена ў зборы найважнейшых прагнозных паказчыкаў развіцця Беларусі.

У студзені цэны не меліся вырасці больш чым на 0,7% да ўзроўню снежня 2025-га (па факце 0,5%), у лютым (з нарастальным вынікам) — не больш за 2% (1%), сакавіку — 2,5% (1,6%). Далей: красавік — 3,1%, травень — 3,4%, чэрвень — 3,8%, ліпень — 4%, жнівень — 4,2%, верасень — 4,9%, кастрычнік — 5,5%, лістапад — 6,2%.

Паводле інфармацыі Нацбанка, адчувальная інфляцыя, паводле вынікаў штоквартальнага апытання насельніцтва, у снежні 2025 года ў гадавым вымярэнні склала 11,3%, чаканая інфляцыя ў наступныя 12 месяцаў — 11,2%.

У верасні 2025-га гэтыя паказчыкі былі роўныя 11,2% і 10,7% адпаведна. Такім чынам, паказчык адчувальнай інфляцыі вырас на 0,1 п.п., чаканай — на 0,5.

Падзяліцца: