Мінск 17:17

У Пінскім раёне жанчыну пазбавілі бацькоўскіх правоў на семярых дзяцей

Ілюстрацыйнае фота: Генпракуратура

13 красавіка, Позірк. Суд Пінскага раёна (Брэсцкая вобласць) пазбавіў мясцовую жыхарку бацькоўскіх правоў на семярых дзяцей, паведамляе Генеральная пракуратура.

Паводле даных нагляднага ведамства, са студзеня 2024 года ў дачыненні да непаўналетніх “шматкроць праводзілася сацыяльнае расследаванне”, у красавіку дзеці былі прызнаныя маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Іх забралі ў маці.

У сям’і, як заяўляецца, “выяўлены крытэрыі і паказчыкі сацыяльна небяспечнага становішча дзяцей“. Як паказалі праверкі, маці фактычна самаўхілілася ад выхавання і ўтрымання сваіх дзяцей: дома не было ежы, умовы пражывання былі антысанітарнымі, жанчына злоўжывала алкаголем з сужыцелем. Пару “неаднаразова знаходзілі ў стане алкагольнага ап’янення, а дзяцей пакінутымі без нагляду“.

У маці назапасілася запазычанасць па кампенсацыі выдаткаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, у памеры больш за 8 тыс. рублёў. “Асацыяльны лад жыцця” прывёў таксама да запазычанасці па аплаце жыллёва-камунальных паслуг.

У 2025 годзе бацькоўскіх правоў пазбаўлена 3.065 чалавек (у 2024-м — 3.155), вынікае са звестак Вярхоўнага суда.

Сярод іх 1.220 жанчын (39,8%) і 1.845 мужчын (60,2%). Для параўнання: у 2024 годзе бацькоўскія правы страцілі 1.267 жанчын (40,2%) і 1.888 мужчын (59,8%).

У 2025 годзе суды разгледзелі 2.751 справу аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў (у 2024-м — 2.828). Задаволена 2.507 пазоваў (2.558).

Паводле даных судовай статыстыкі, у мінулым годзе разгледжаны справы аб пазбаўленні адпаведных правоў у дачыненні да 664 маці (з іх 165 адзінокіх) і 1.261 бацькі. Рашэнне пазбавіць гэтых правоў у абодвух бацькоў суды вынеслі ў 556 выпадках.

Гл. таксама:

У Мінску дваіх дзяцей забралі з сям’і з-за бацькоў, якія злоўжываюць алкаголем

У Беларусі каля 2 тыс. дзяцей адабрана ў бацькоў і прызнана маючымі патрэбу ў дзяржабароне — Мінадукацыі

Ад пачатку 2025 года ў Брэсцкай вобласці 89 дзяцей прызнаныя асобамі ў сацыяльна небяспечным становішчы

Падзяліцца: