Мінск 01:35

Літва выказала Беларусі рашучы пратэст у сувязі з прызнаннем ЕГУ “экстрэмісцкай арганізацыяй”

Фота: ЕГУ

16 красавіка, Позірк. Рашучы пратэст выказала Літва Беларусі ў сувязі з рашэннем яе ўладаў абвясціць Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ), які працуе ў Літве з 2004 года, “экстрэмісцкай арганізацыяй”. Пра гэта гаворыцца ў заяве, апублікаванай 16 красавіка на сайце МЗС балтыйскай краіны.

Міністэрства замежных спраў “расцэньвае гэтае рашэнне як палітычна матываванае, неабгрунтаванае і парушаючае прынцыпы міжнароднага права, а таксама суверэнітэт Літоўскай Рэспублікі”. Выпадак, калі вышэйшая навучальная ўстанова, законна дзеючая ў іншай дзяржаве, аб’яўляецца “экстрэмісцкай арганізацыяй”, у ведамстве назвалі беспрэцэдэнтным.

“Літва паслядоўна падтрымлівала і надалей будзе падтрымліваць ЕГУ як важную прастору акадэмічнай свабоды, крытычнага мыслення і дэмакратычных каштоўнасцяў, свабодную ад палітычнага ўплыву”, — адзначаецца ў рэлізе.

Міністэрства падкрэсліла, што рашэнне беларускіх уладаў стварае прамую пагрозу для ўсіх студэнтаў ЕГУ, якія паходзяць не толькі з Беларусі, і акадэмічнай супольнасці, “крыміналізуе міжнароднае акадэмічнае супрацоўніцтва і наносіць значны ўрон прагрэсіўнаму грамадству Беларусі, дэмакратычнай апазіцыі і будучыні ўсёй краіны”.

“Літва не прызнае ніякай юрыдычнай моцы гэтага рашэння на сваёй тэрыторыі, патрабуе яго неадкладнай адмены і папярэджвае, што падобныя дзеянні яшчэ больш ускладняць літоўска-беларускія стасункі і будуць ацэненыя на нацыянальным узроўні і ўзроўні Еўрапейскага саюза для прыняцця далейшых палітычных і дыпламатычных мер”, — падкрэсліваецца ў заяве.

15 красавіка міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс назваў абуральным рашэнне Менска абвясціць ЕГУ “экстрэмісцкай арганізацыяй”. “Гэта чарговы варожы акт рэжыму [Аляксандра] Лукашэнкі супраць Літвы і ЕС. Мы гатовыя падтрымаць супольнасць ЕГУ”, – падкрэсліў ён.

Асудзілі згаданае рашэнне беларускіх уладаў Еўрапейская служба знешніх дзеянняў, знешнепалітычныя ведамствы Украіны, Швецыі, Эстоніі.

Міністэрства адукацыі, навукі і спорту Літвы назвала прызнанне ўніверсітэта “экстрэмісцкім“ “грубым парушэннем акадэмічнай свабоды, адмаўленнем аўтаноміі ўніверсітэтаў, а таксама абмежаваннем правоў і свабод чалавека”.

14 красавіка Вярхоўны суд Беларусі прызнаў “экстрэмісцкімі” замежную арганізацыю “Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт” і структурныя падраздзяленні, якія ўваходзяць у яе склад. Пра гэта абвясціў Дзмітрый Брылёў — начальнік упраўлення Генеральнай пракуратуры, якая звярнулася ў суд з адпаведнай заявай на падставе закона “Аб супрацьдзеянні экстрэмізму“.

Наглядны орган паведаміў аб забароне дзейнасці ЕГУ “з выкарыстаннем сімволікі і атрыбутыкі” на тэрыторыі Беларусі.

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт быў заснаваны ў Мінску ў 1992 годзе. 27 ліпеня 2004 года Міністэрства адукацыі Беларусі анулявала ліцэнзію ЕГУ на наданне адукацыйных паслуг, пасля чаго дзейнасць універсітэта была адноўленая ў Літве.

Падзяліцца: