Мінск 16:41

ЕС і Дзярждэп ЗША заявілі ў дзень 40-годдзя Чарнобыльскай аварыі пра важнасць ядзернай бяспекі

Ілюстрацыйнае фота: chernobyl-tour.com

26 красавіка, Позірк. Чарнобыльская катастрофа “назаўжды змяніла ўяўленні свету аб ядзернай бяспецы”, заявіў Дзярждэпартамент ЗША 26 красавіка з нагоды 40-годдзя аварыі.

“Мы памятаем пра загінулых і аддаем належнае неверагоднай мужнасці супрацоўнікаў службаў экстранага рэагавання і нявінных людзей ва Украіне, Беларусі, Расіі і іншых краінах, якія тварам да твару сутыкнуліся з гэтай трагедыяй і працягваюць змагацца з яе наступствамі сёння”, — гаворыцца ў заяве, апублікаванай на сайце Дзярждэпу.

Адзначаецца, што ЗША “адрэагавалі на крызіс, аказаўшы дапамогу ў ліквідацыі наступстваў аварыі і лакалізацыі аб’екта”. “Сёння мы працягваем надаваць прыярытэтную ўвагу ядзернай бяспецы на аб’екце і ва ўсім свеце”, — падкрэслівае ведамства.

“Гэтая катастрофа прымусіла нас і нашых партнёраў распрацаваць больш строгія міжнародныя стандарты і больш дасканалыя пратаколы бяспекі, якія абароняць супольнасці па ўсім свеце. Ядзерная энергетыка павінна заставацца ў адказных руках, прыхільных прынцыпам празрыстасці. Злучаныя Штаты лідзіруюць у забеспячэнні таго, каб ядзерная энергетыка заставалася бяспечнай і безадмоўнай ў будучыні”, — заяўляе Дзярждэпартамент.

Заяву ў сувязі з 40-годдзем аварыі апублікавала таксама Еўрапейская камісія.

“Сорак гадоў таму катастрофа на Чарнобыльскай электрастанцыі стала адной з самых сур’ёзных ядзерных катастроф у гісторыі чалавецтва. Яе сапраўдныя наступствы, якія доўгі час хаваліся з-за савецкай сакрэтнасці, з часам сталі ясней. Па гэты дзень яе спадчына застаецца суровым напамінам аб тым, што забеспячэнне ядзернай бяспекі залежыць ад празрыстасці, надзейных гарантый і міжнароднага супрацоўніцтва”, — адзначае ЕК.

Звяртаецца ўвага, што бяспецы ЧАЭС сёння пагражае расійская ваенная агрэсія ва Украіне.

Таксама ў заяве гаворыцца аб незаконным захопе РФ ва Украіне Запарожскай АЭС, што “значна павялічвае рызыку для жыцця людзей і аховы навакольнага асяроддзя”.

“У роўнай ступені сістэматычныя атакі Масквы на энергетычную інфраструктуру Украіны пагражаюць стабільнаму энергазабеспячэнню, неабходнаму для бяспечнай эксплуатацыі ядзерных аб’ектаў”, — падкрэслівае Еўракамісія.

Вышэйшы орган выканаўчай улады ЕС заклікаў Расію “неадкладна спыніць усе напады на ядзерныя аб’екты ва Украіне і выконваць сем асноўных прынцыпаў ядзернай бяспекі падчас узброенага канфлікту”.

“Расія будзе прыцягнутая да адказнасці за стварэнне пагрозы грамадскай бяспецы, павінна пакрыць прычыненую шкоду і вярнуць Украіне поўны кантроль над запарожскай станцыяй”, — адзначаецца ў заяве.

26 красавіка 1986 года ў 1:23, адбылася найбуйнейшая ў гісторыі чалавецтва тэхнагенная катастрофа — аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Нягледзячы на тое што атамная станцыя размешчаная ва Украіне, больш за 70% усіх радыенуклідаў, якія выпалі ў выніку разбурэння рэактара, асела ў Беларусі.

Гл. таксама:

40 гадоў трагедыі. Як Лукашэнка “надаваў па мардасах” Чарнобылю

Ціханоўская: Чарнобыль паказаў, да чаго вядзе безадказнасць уладаў

У заяве з нагоды 40-годдзя Чарнобыльскай катастрофы АПК заклікаў вывезці з Беларусі расійскую ядзерную зброю

Падзяліцца: