Мінск 18:42

Лукашэнка ў чарговы раз выказаўся за вяртанне ў сельгасабарот чарнобыльскіх зямель

27 красавіка, Позірк. Чарговы раз аб неабходнасці вяртання ў сельгасабарот чарнобыльскіх зямель выказаўся Аляксандр Лукашэнка, наведваючы 27 красавіка Нараўлянскі раён (Гомельская вобласць).

Яго прэс-служба паведамляе, што гаворка падчас рабочай паездкі зайшла аб павелічэнні пасяўных плошчаў за кошт вяртання ў сельгасабарот зямель, пацярпелых у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

“Трэба адраджаць гэтыя землі. Чаго б нам ні каштавала — трэба вярнуцца да тых земляў, якія ў нас былі ў савецкія часы. І мы можам гэта зрабіць”, — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, гэта “так званыя чарнобыльскія землі”. “Так званыя, таму што я памятаю, як тады палітыку рабілі на гэтым, павыводзілі [землі з абароту]. А цяпер не так проста іх уводзіць, — дадаў палітык. — Мы выпрацавалі пэўную схему, сістэму. Трэба глядзець на раён, на землі, колькасць гектараў і будаваць [малочна-таварныя] комплексы. Таму што вакол комплексу заўсёды будзе нармальная абстаноўка. Кармы патрэбныя — будуць апрацоўваць нармальна зямлю”.

“Калі вы будзеце гаспадарыць на зямлі так [як цяпер]… І меліярацыйныя работы вы правялі, за Прыпяццю тут ідэальны [парадак]. Наогул для краіны, не толькі для прыпяцкіх раёнаў. Для краіны гэта вельмі высокі ўзровень земляробства на гэтых землях. Вельмі высокі ўзровень. Калі гэта так усюды”, — адзначыў Лукашэнка.

23 красавіка намеснік начальніка Дэпартамента ядзернай і радыяцыйнай бяспекі МНС (Дзяржатамнагляд) Леанід Дзедуль паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Мінску, што пасля аварыі на ЧАЭС з катэгорыі забруджаных зямель выведзена больш за 20 тыс. гектараў, гэта адбылося дзякуючы “дасягненням навукі“.

“Гэтыя падыходы паказалі эфектыўнасць, — сказаў чыноўнік. — За апошнія дзесяцігоддзі сістэма радыяцыйнага кантролю не выявіла выпадкаў перавышэння радыенуклідаў у выпускаемай прадукцыі і ў сыравіне, якая паступае на перапрацоўчыя прадпрыемствы. У прыватных падворках за апошнія чатыры гады таксама не выяўлена ніводнага выпадку па перавышэнні ўтрымання радыенуклідаў у малацэ”.

У нацыянальным дакладзе Дзяржатамнагляду да 40-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС, які быў прэзентаваны журналістам дзяржСМІ, адзначаецца, што плошча забруджвання ў Беларусі на сёння складае 25,08 тыс. кв. км. Для параўнання: у 1986 годзе яна складала амаль 47 тыс. кв. км, гэта было 23% тэрыторыі краіны. Такім чынам, плошча забруджвання паменшылася ў 1,8 раза.

Як паведамлялася раней, згодна з пастановай Савета міністраў № 170 ад 7 красавіка 2026 года, у Гомельскай вобласці больш за 1,3 тыс. гектараў зямель, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, вернута ў поўнае або частковае выкарыстанне.

Згодна з дакументам, апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 8 красавіка, большую частку — 940,1079 га — улады выключылі з радыяцыйна небяспечных зямель адчужэння і перавялі ў гаспадарчае карыстанне, вызначыўшы землекарыстальнікаў (у асноўным сельскагаспадарчыя арганізацыі).

25 красавіка 2025 года Лукашэнка на нарадзе ў Мінску абураўся тым, што ў Беларусі жывуць людзі на забруджаных тэрыторыях. Ён сказаў, звяртаючыся да чыноўнікаў: “Чым жа мы тады займаліся 30 гадоў, калі ў нас 900 тыс. пражываюць на забруджаных тэрыторыях?“.

Паводле яго слоў, ён асабіста шмат разоў бываў у тых рэгіёнах і казаў пра неабходнасць вяртаць у сельскагаспадарчы абарот зямлі там, дзе гэта магчыма. “Чаго вы дагэтуль лічбы называеце, якія былі 40 гадоў таму? Трэба прыводзіць (як бы гэта ні было папулярна, не папулярна) у адпаведнасць [з рэчаіснасцю])“, — заявіў спікер, даўшы зразумець, што не верыць даным аб маштабах радыеактыўнага забруджвання.

“Крыўдзіць людзей не трэба. На забруджанай тэрыторыі ў нас ніхто жыць не павінен. Трэба навесці парадак. Каб мы ведалі, што вось гэтыя землі — мы пакуль не ведаем, можна там жыць ці не, лепш паберагчы сябе і людзей паберагчы. Пакуль нельга — абыдземся. Будзем рабіць гэта ціхенька, крок за крокам, асвойваючы тыя ці іншыя землі. Але толькі калі мы будзем упэўненыя, што гэта нармальна”, — сказаў ён.

26 красавіка 1986 года ў 1:23, адбылася найбуйнейшая ў гісторыі чалавецтва тэхнагенная катастрофа — аварыя на Чарнобыльскай АЭС.

Нягледзячы на тое што атамная станцыя размешчана ва Украіне, больш за 70% усіх радыенуклідаў, якія выпалі ў выніку разбурэння рэактара, асела ў Беларусі.

Вячорка: Ядзерная пагроза нікуды не знікла, яна толькі памяняла форму

26 красавіка, Позірк. "Сёння задача палітыкаў — звязваць тое, што адбылося 40 год таму, з сучаснымі падзеямі. Таму што гэта працяг той самай палітыкі, палітыкі непавагі, непраразрыстасці, безадказнасці ўладаў", — заявіў у каментары “Позірку” галоўны дарадца дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай …

Падзяліцца: