Мінск 17:35

Генсакратар Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў СЕ: Выбары ў Каардынацыйную раду — акт супраціву аўтарытарызму

28 красавіка, Позірк. Выбары ў Каардынацыйную раду “пасылаюць выразны сігнал рэжыму Лукашэнкі” і міжнароднай супольнасці пра “нязменную прыхільнасць беларускага народа дэмакратычным каштоўнасцям”, заявіў генеральны сакратар Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы (КМРУ СЕ) Мацье Моры.

Ён адзначыў, што свабодныя і справядлівыя выбары з’яўляюцца “краевугольным каменем любой дэмакратычнай сістэмы” і прамым спосабам для грамадзян “быць пачутымі”. Выбары, паводле яго слоў, “маюць вырашальнае значэнне для легітымнасці дэмакратычных інстытутаў”.

“Без празрыстасці, справядлівасці і сапраўднага выбару на выбарчых участках ні вяршэнства права, ні правы чалавека не могуць у поўнай меры рэалізавацца”, — падкрэсліў генсакратар КМРУ СЕ.

Выбары ў КР, дадаў ён, — гэта “не проста акт супраціву аўтарытарызму”, яны “ўяўляюць сабой усвядомленае будаўніцтва будучай дэмакратычнай Беларусі”.

“Праз арганізацыю, адкрытыя абмеркаванні і супрацоўніцтва дэмакратычныя сілы Беларусі закладаюць інстытуцыйныя асновы, неабходныя для надзейнага дэмакратычнага пераходу. Для выбарцаў кожны пададзены голас — гэта цагліна ў падмурку свабоднай, суверэннай і еўрапейскай Беларусі”, — падкрэсліў спікер.

Выбары ў КР пройдуць з 11 па 17 траўня 2026 года, плануецца запоўніць 80 месцаў.

На іх зарэгістравана 174 кандыдаты з усіх заяўленых дзевяці выбарчых спісаў:

“Еўрапейскі выбар” — 17 чалавек (лідар — Валерый Мацкевіч).

“ЗАКОН і Правапарадак” — 12 (Сяргей Макар).

Кааліцыя Латушкі і Рух “За свабоду” — 38 (Павел Латушка, Юрый Губарэвіч).

Рух “Воля” — 28 (Мікіта Забуга).

“Аб’яднаная грамадзянская платформа” — 22 (Мікалай Казлоў).

“Ваш Голас” — 19 (Андрэй Колас).

“Хопіць баяцца!” — 13 (Таццяна Мартынава).

“Наступ” — 13 (Лізавета Пракопчык).

Блок беларускіх палітычных зняволеных “Беларусы дзеяння” — 12 (Юрый Зянковіч).

Камітэт дзяржаўнай бяспекі рашэннем ад 16 красавіка прызнаў “экстрэмісцкімі фарміраваннямі” шэсць выбарчых спісаў, якія балатуюцца ў Каардынацыйную раду.

Падзяліцца: