АДКБ, у якую ўваходзіць Беларуссь, што размясціла расійскую ТЯЗ, заклікала ўмацоўваць Дагавор аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі

29 красавіка, Позірк. Члены Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) заявілі пра “безумоўную прыхільнасць” да захавання і ўмацавання Дагавора аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі (ДНЯЗ).
У заяве на сайце арганізацыі гаворыцца, што з тае пары, як ДНЯЗ набыў моц, ён застаецца “адным з апірышчаў архітэктуры міжнароднай бяспекі” і з’яўляецца высока запатрабаваным “у складаных умовах сучаснай міжнароднай абстаноўкі”.
“Даказаўшы сваю эфектыўнасць, ДНЯЗ працягвае адыгрываць ключавую ролю ў прадухіленні распаўсюду ядзернай зброі”, — адзначыў ваенна-палітычны блок.
Роўная значнасць трох фундаментальных складальнікаў ДНЯЗ (раззбраенне, нераспаўсюд і мірнае выкарыстанне атамнай энергіі) названае залогам таго, што дакумент “здольны не толькі выстаяць перад абліччам наяўных выклікаў і пагроз, але і застацца асновай міждзяржаўнага ўзаемадзеяння ў гэтых галінах на доўгія гады наперад”.
У заяве гаворыцца, што ва ўмовах “усё большай турбулентнасці, якая суправаджаецца эрозіяй дагавораў і пагадненняў у сферы кантролю над узбраеннямі, раззбраення і нераспаўсюду, падвышэннем рызык раскручвання гонкі ўзбраенняў і эскалацыі канфліктаў”, асаблівае значэнне набывае “задача захавання і ўмацавання ДНЯЗ, выкананне якой патрабуе калектыўных намаганняў дзяржаў — удзельніц у падтрыманні цэласнасці і эфектыўнасці Дагавора ў адпаведнасці з іх абавязацельствамі”.
“Як было заяўлена лідарамі дзяржаў — членаў АДКБ у Дэкларацыі Савета калектыўнай бяспекі Арганізацыі ў лістападзе 2023 года, нашыя краіны зыходзяць з непахіснасці пастулату пра тое, што ядзерная вайна ніколі не мае быць развязаная”, — падкрэсліў блок, заклікаўшы ўсе ядзерныя дзяржавы “няўхільна прытрымлівацца прынцыпаў і разуменняў, зафіксаваных у Сумеснай заяве лідараў пяці дзяржаў, якія маюць ядзерную зброю, аб прадухіленні ядзернай вайны і недапушчэнні гонкі ўзбраенняў ад 3 студзеня 2022 года”.
АДКБ таксама заклікала “рабіць дзейсныя крокі для зніжэння рызык узнікнення ядзерных канфліктаў і, адпаведна, любой ваеннай канфрантацыі паміж дзяржавамі, якія маюць ядзерную зброю”.
Варта адзначыць, што ўдзельніцай АДКБ, у якой дэ-факта вядучую ролю адыгрывае Расія, ёсць Беларусь, якая раней заявіла пра размяшчэнне на сваёй тэрыторыі расійскай тактычнай ядзернай зброі (ТЯЗ). Абедзьве дзяржавы зьяўляюцца бакамі ДНЯЗ.
Аляксандр Лукашэнка ды іншыя афіцыйныя асобы неаднаразова фактычна пагражалі іншым краінам ужываннем ТЯЗ і паўтаралі тэзу пра магчымасць яе выкарыстання ў абарончых мэтах у адказ на магчымы напад.
“Вы нас не чапайце. І забудзьцеся пра ядзерную зброю. Але калі вы здзейсніце агрэсію, адказ будзе імгненны. Мэты вызначаныя”, — заявіў Лукашэнка 6 ліпеня 2023 года на сустрэчы з замежнымі журналістамі.
Паводле яго слоў, “калі будзе агрэсія НАТО, да прыкладу, ЗША супраць Беларусі ці Расіі — тады рукі развязаныя — паводле канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Расія, лічы Беларусь, якая мае гэтую зброю, адкажа”. “Вы нас не чапайце. І мы ніколі не выкарыстаем гэту смяротную зброю”, — сказаў ён.
За год да таго палітык заявіў, што “войску аддадзены загад узяць пад прыцэл цэнтры прыняцця рашэнняў у замежных сталіцах”.
На пасяджэнні Першага камітэта (па раззбраенні і міжнароднай бяспецы) Генасамблеі ААН у кастрычніку 2023 года прадстаўнікі Літвы, Польшчы і ЗША асудзілі размяшчэнне ў Беларусі тактычнай ядзернай зброі.
Еўрапейскі парламент у заяве, прымеркаванай да 40-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС, заклікаў міжнародную супольнасць стварыць незалежны радыелагічны рэгістр і прызнаць размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі пагрозай калектыўнай бяспецы.
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- ГрамадстваНатуральнае змяншэнне насельніцтва ў 2025 годзе было ў 1,9 раза больш, чым у 1995-м — першым поўным годзе кіравання Лукашэнкі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаСуседнія краіны ЕС ад пачатку красавіка зафіксавалі больш за 2 тыс. спробаў парушэння мяжы з боку БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 28 красавіка 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- ПалітыкаВячорка: Вызваленне Пачобута не добрая воля Лукашэнкі, а абмен, як у часы "халоднай вайны" ці палоннымі паміж Расіяй і УкраінайМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- ГрамадстваУ 2025 годзе ў Беларусі нарадзілася амаль удвая менш дзяцей, чым у 1995-м (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+



