Мінск 11:35

Беларусь заняла 165-е месца ў Сусветным індэксе свабоды прэсы

Ілюстрацыйнае фота: Global Look Press

30 красавіка, Позірк. Беларусь заняла 165-е месца ў Сусветным індэксе свабоды прэсы 2026 года, які склала міжнародная арганізацыя “Рэпарцёры без межаў” (RSF).

Беларусь знаходзіцца паміж Еменам і М’янмай.

У індэксе-2025 Беларусь займала 166-е месца, у 2024-м — 167-е, у 2023-м — 157-е, у 2022-м — 153-е.

У справаздачы адзначаецца, што ў Беларусі ўжываецца падыход, калі “меры абароны нацыянальнай бяспекі выкарыстоўваюцца як інструмент абмежавання свабоды прэсы”, як і ў Расіі (172-е месца), Нікарагуа (168), Егіпце (169).

Першыя дзесяць месцаў у рэйтынгу займаюць (у парадку змяншэння): Нарвегія, Нідэрланды, Эстонія, Данія, Швецыя, Фінляндыя, Ірландыя, Швейцарыя, Люксембург, Партугалія.

Горш за ўсё сітуацыя са свабодай прэсы ў Бахрэйне, Азербайджане, Расіі, Туркменістане В’етнаме,Афганістане, Саудаўскай Аравіі, Іране, Кітаі, Паўночнай Карэі і Эрытрэі.

Адметна, што ў справаздачы асобна падкрэсліваецца, што ў красавіку 2026 года ў Расіі 48 журналістаў знаходзіліся пад вартай, а тыя з іх, хто хацеў працягваць працаваць у прафесіі, былі вымушаныя эміграваць. Таксама згадваецца, што судовыя пераследы не спыняюцца, калі журналіст перасякае мяжу РФ.

Падобныя тэндэнцыі назіраюцца і ў Беларусі, дзе, паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, 22 супрацоўнікі СМІ знаходзяцца ў зняволенні. Пры гэтым насельніцтва краіны прыкладна ў 15 разоў менш, чым у РФ, адпаведна значна меншая колькасць журналістаў. Як вынік, доля журналістаў, якія знаходзяцца ў зняволенні, у Беларусі значна большая, чым у РФ. Пра гэта ў справаздачы не згадваецца.

У рэйтынгу прадстаўлена 180 краін.

3 мая адзначаецца Сусветны дзень свабоды прэсы.

Падзяліцца: