Мінск 10:20

Беларусь заклікае да дыялогу замест канфліктаў, заяўляе Лукашэнка, які падтрымлівае агрэсію РФ супраць Украіны

Ілюстрацыйнае фота: pikwizard.com

9 траўня, Позірк. “Свяшчэннай для кожнага беларуса датай”, што нагадвае пра “вялікі подзвіг воінаў Чырвонай арміі, партызан і падпольшчыкаў, якія <…> прынеслі мір і свабоду на родную зямлю і ўсяму чалавецтву”, назваў 9 траўня Аляксандр Лукашэнка, віншуючы ў гэты дзень суайчыннікаў з “81-й гадавінай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне”.

“Сёння мы ўсё больш усведамляем адказнасць за захаванне крохкай бяспекі на планеце, каб не паўтарыць трагедыю мінулага, — прыводзіць тэкст паслання прэс-служба віншавальніка. — Таму Беларусь заклікае ўсе дзяржавы да дыялогу замест канфліктаў, да развіцця замест разбурэння, да захавання спадчыны Вялікай Перамогі ў імя шчаслівай будучыні новых пакаленняў”.

“Наш абавязак — быць годнымі памяці гераічных продкаў, якія здолелі выстаяць у суровых выпрабаваннях, сцерці фашызм і падняць з руін параненую краіну. Нізкі паклон дарагім ветэранам, вечная памяць загінулым воінам, патрыётам і бязвінным ахвярам бязлітаснай вайны. Перакананы, праўда пра Вялікую Перамогу і надалей будзе той высокай маральнай ісцінай, якая звязвае пакаленні, вызначае каштоўнасці, аб’ядноўвае і натхняе на стварэнне”, — адзначыў палітык.

Віншаванні ён таксама накіраваў прэзідэнтам дзевяці краін, якія ўваходзілі ў СССР — Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана, народам дзвюх постсавецкіх дзяржаў — Малдовы і Украіны, а таксама прэм’ер-міністру Славакіі (кіраўнік славацкага ўрада Роберт Фіца разам з Лукашэнкам і Уладзімірам Пуціным будзе назіраць за парадам на Краснай плошчы ў Маскве).

Адметна, што Лукашэнка, які заяўляе пра “дыялог замест канфліктаў”, падтрымлівае Расію ў яе агрэсіўных дзеяннях у дачыненні да ўкраінскай дзяржавы і народа.

24 лютага 2022 года РФ распачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшы з часоў Другой сусветнай вайны канфлікт у Еўропе. Рэжым Лукашэнкі надаў войску РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а пасля на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Паводле звестак расследавальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы цяпер актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.

Падзяліцца: