Мінск 16:01

Трамп падзякаваў Лукашэнку за “супрацу і сяброўства” ў сувязі з красавіцкім вызваленнем вязняў, якое запатрабавала “сур’ёзнага ціску”

Архіўныя відэа: WAAY 31 News і СТБ / стоп-кадры і калаж: "Позірк"

11 траўня, Позірк. “Мы толькі што дамагліся вызвалення трох польскіх і двух малдаўскіх зняволеных з беларускага і расійскага зняволення”, — адзначыў прэзідэнт ЗША Дональд Трапм у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social 10 траўня — амаль праз два тыдні пасля падзеі.

“Дзякуючы майму спецыяльнаму прэзідэнцкаму пасланніку [па Беларусі] Джону Коўлу ў нас атрымалася ўчыніць сур’ёзны ціск, каб дамагчыся гэтага вызвалення, — напісаў амерыканскі палітык. — Мой сябар, прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі, сустрэўся са мной летась у верасні і папрасіў дапамагчы дамагчыся вызвалення [журналіста і актывіста неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі] Анджэя Пачобута з беларускай турмы. Сёння Пачобут вольны дзякуючы нашым намаганням”.

“Злучаныя Штаты падтрымліваюць сваіх саюзнікаў і сяброў. Дзякуй прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку за яго супрацу і сяброўства. Вельмі прыемна!” — дадаў Трамп.

28 красавіка 2026 года на беларуска-польскай мяжы адбыўся “шпіёнскі” абмен “5 на 5”. Польскаму боку апрача Пачобута (быў асуджаны 8 гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачання ў нанясенні шкоды нацыянальнай бяспецы і распальванні варожасці) перададзены польскі манах-кармеліт Гжэгаж Гавел (абвінавачваўся ў шпіянажы, суд на момант вызвалення не адбыўся), грамадзянін Польшчы Томаш Бяроза (14 гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачання ў шпіянажы і агентурнай дзейнасці), а таксама два грамадзяніны Малдовы, якія былі затрыманыя ў Расіі і абвінавачаныя ў шпіянажы.

Беларускі бок прыняў былога ўдзельніка беластоцкай харугвы (адзінкі) ваенізаванай арганізацыі “Паспалітае рушэнне” Уладзіслава Надзейку (быў арыштаваны за перадачу ў Мінск інфармацыі пра тых, хто атрымаў у Польшчы прытулак), былога намесніка кіраўніка Службы інфармацыі і бяспекі Малдовы Аляксандра Балана (працаваў на беларускі КДБ), расійскага археолага Аляксандра Буцягіна (быў затрыманы ў Польшчы на запыт Украіны, якая абвінаваціла яго ў незаконных раскопках на анэксаваным РФ паўвостраве Крым) і жонку расійскага вайскоўца, які служыць у Прыднястроўі (сепаратысцкі рэгіён Малдовы), Ніну Папову. Пятае прозвішча пакуль невядомае.

Падзяліцца: