Мінск 13:33

Ціханоўская абмеркавала з Коўлам па тэлефоне вызваленне палітвязняў

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

13 траўня, Позірк. Аб праведзенай раніцай 13 траўня “добрай размове” з беларускім дэмакратычным лідарам Святланай Ціханоўскай паведаміў на сваёй старонцы ў сацсетцы Х спецпасланнік прэзідэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл.

Ён адзначыў, што падзякаваў беларускаму палітыку “за паслядоўную падтрымку намаганняў ЗША ў дачыненні да Беларусі”.

Ціханоўская ў сваю чаргу паведаміла, што ў тэлефоннай размове прымаў удзел таксама намеснік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі Крыс Сміт.

Яна адзначыла, што “вельмі ўдзячная за сённяшнюю тэлефонную размову“, у якой “выказала шчырую падзяку прэзідэнту [ЗША] і яго камандзе за дапамогу ў вызваленні больш за 500 палітычных зняволеных у Беларусі”.

“Прэзідэнт Трамп заявіў, што мэта — вызваліць іх усіх, і я ўпэўненая ў поспеху гуманітарных намаганняў у гэтым кірунку“, — заявіла дэмлідар.

10 траўня Дональд Трамп падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за “яго супрацоўніцтва і сяброўства“ ў пытанні праведзенага 28 красавіка 2026 года на беларуска-польскай мяжы “шпіёнскага“ абмену “5 на 5″. Удзел у гэтым абмене прымаў Коўл, які прыбыў у Варшаву.

“Мы толькі што дамагліся вызвалення трох польскіх і двух малдаўскіх зняволеных з беларускага і расійскага зняволення“, — адзначыў Трапм у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social праз амаль два тыдні пасля падзеі.

Сам Коўл 28 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Варшаве анансаваў сваю чарговую паездку ў Беларусь “праз два-тры тыдні“ і падкрэсліў, што ЗША нацэленыя на вызваленне ўсіх палітычных зняволеных, якія знаходзяцца ў няволі ў Беларусі.

Лукашэнка неаднаразова заяўляў пра сваю гатоўнасць заключыць “вялікую здзелку” з Вашынгтонам. Упершыню ён пра гэта сказаў 14 кастрычніка 2025 года на нарадзе па пытаннях глабальнай міжнароднай абстаноўкі і развіцці беларуска-амерыканскіх адносін.

20 сакавіка гэтага года, распавядаючы прапагандыстам пра перамовы з амерыканцамі, Лукашэнка казаў пра “вялікую здзелку“ з ЗША: “Мы гатовыя, Дональд прапануе вялікую здзелку і сустрэцца. Аж да таго, што ў яго дома, у Фларыдзе, і дамовіцца”.

30 сакавіка Трамп заявіў, што чакае сустрэчы з Лукашэнкам на наступным пасяджэнні Савета міру.

З мінулага года Лукашэнка рэгулярна сустракаецца ў Мінску з амерыканскай дэлегацыяй на чале з Коўлам. Вынікам перамоваў становіцца вызваленне палітвязняў (як правіла, з наступнай прымусовай высылкай з Беларусі, аднак падчас апошняга вялікага вызвалення, большай частцы з іх дазволілі застацца ў краіне). У адказ ЗША саслабляюць санкцыі ў дачыненні да Мінска.

Пры гэтым Лукашэнка публічна адмаўляе якую-небудзь датычнасць беларускай апазіцыі, якая знаходзіцца ў выгнанні, да згаданых кантактаў з ЗША і вызвалення зняволеных.

Падзяліцца: