Мінск 20:04

На фоне нізкай яўкі на выбарах у Каардынацыйную раду яе спікер Брухан выступіў з прапановай рэформы

Спікер КР Арцём Брухан
Фота: "Позірк"

16 траўня, Позірк. Выбары ў Каардынацыйную раду (КР) 4-га склікання вельмі важна правесці, каб “атрымаць зваротную сувязь, зразумець, што адбываецца, наколькі ўсё гэта людзям яшчэ цікава”, заявіў спікер КР Арцём Брухан 16 траўня падчас дыскусіі з выбарчымі спісамі ў Варшаве ў кантэксце адказу на пытанне пра нізкую яўку.

“Мы бачым зараз замер гэтай сітуацыі. Выбары — гэта найлепшая зваротная сувязь грамадства”, — канстатаваў ён.

На думку Брухана, на яўцы адбіліся сама меней тры фактары.

“Па-першае, кантэкст — кібератакі, DDoS-атакі, тое, да чаго складана падрыхтавацца, — патлумачыў спікер КР. — Па-другое, агульнапалітычны кантэкст — дэпалітызацыя грамадства, расчараванне ў дэмакратычных сілах і ўвогуле ў магчымасці перамен, транснацыянальныя моцныя рэпрэсіі. На гэты момант гэтае запужванне за ўдзел у любой палітычнай актыўнасці не спынілася. Усё гэта змяншае магчымасць і жаданне людзей удзельнічаць у нейкай палітычнай дзейнасці”.

“Па-трэцяе, прапаганда, інфармацыйныя атакі, без гэтага таксама не адбываюцца ніводныя выбары. Гэта тое, што з трох бакоў даволі моцна паўплывала на яўку. Таксама і тое, што дзейнасць Каардынацыйнай рады нашага склікання таксама была складанай. Шмат чаго адбылося, я не адмаўляю”, — дадаў ён.

Брухан выступіў за тое, каб пасля гэтых выбараў была распачатая рэформа КР, і заклікаў усе выбарчыя спісы далучыцца да абмеркавання.

“Як яна будзе выглядаць? У якасці прапановы, першая мая думка, [трэба] усё ж запусціць ідэю з Грамадскай палатай, надаць ёй нармальныя паўнамоцтвы зразумелыя і пашырыць фактычна склад Каардынацыйнай рады (хай яна будзе двухпалатнай), — сказаў спікер КР. — Каб у яе ішлі тыя самыя “цяжкавікі” — [прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта ў 2020 годзе Віктар] Бабарыка там, ну, хто захоча ўдзельнічаць, палітычныя партыі. Каб яна стала не проста органам, абраным тысячай (паўтары-дзве, спадзяюся, будзе), а каб мы ўключылі ў працэс больш людзей, якія не пайшлі чамусь на гэтыя выбары (гэта іх права, іх жаданне)”.

“Я над гэтай ідэяй рэформы прапанаваў бы нам усім падумаць. Бо пакінуць так, як зараз… яна (рада. — “Позірк”.) будзе далей затухаць. А перазапусціць яе, рэфармаваць — ну, такі кантэкст, такая сітуацыя, так адбываецца, і трэба рэагаваць. Калі мы так забранзавеем, будзем сядзець, вось як ёсць, канешне, гэта да добрага нічога не прывядзе. Яна ўжо прайшла адну рэформу, другую рэформу, вось мы прыйшлі ў пункт трэцяй рэформы. Гэта цалкам нармальны працэс, мы [такім чынам] дэманструем, што Каардынацыйная рада рэагуе на тое, што адбываецца. Недзе раней, недзе пазней, але рэагуе так ці інакш. Гэта жывы орган”, — падкрэсліў ён.

На пытанне, ці будуць праз два гады ладзіцца выбары ў КР 5-га склікання, Брухан выказаў меркаванне, што трэба “пераходзіць да іншай сістэмы”: “Ці дэлегаваннем [абіраць членаў КР], ці нешта такое”.

“Я думаю, што калі ўсё будзе цалкам, як зараз, думаю, не трэба будзе праводзіць выбары. Бо мы зразумеем, што зноў прагаласуе тысяча чалавек. <…> Калі нешта зменіцца, тады можна будзе глядзець. Але адмяняць пакуль выбары не прапаную, трэба паглядзець на кантэкст, на сітуацыю. Зыходзячы з нашага пункту гледжання, што нічога не зменіцца, канешне, трэба будзе пераглядаць і фармаванне Каардынацыйнай рады”, — адзначыў спікер КР.

16 траўня ў 13:40 тэлеграм-канал КР паведаміў, што на выбарах прагаласавала 1.237 чалавек. Увечары кіраўніца выбарчай камісіі Алена Прыходзька паведаміла, што на створаны для галасавання сайт ідзе чарговая атака, некаторы час рэсурс можа быць недасяжны.

Выбары ў КР меліся пачацца 11 траўня ў 22:00 (тут і далей — паводле мінскага часу), аднак былі сарваныя праз магутную DDoS-атаку. Паўнавартасна працэс стартаваў 12 траўня ў 12:00. У сувязі з гэтым выбаркам КР падоўжыў перыяд галасавання да 12:00 19 траўня (першапачаткова мусіў скончыцца 17 траўня ў 23:59).

Супраць галасавання на выбарах у КР зладжаная "вельмі дарагая і якасная аперацыя" — Прыходзька

16 траўня, Позірк. На гэты момант сайт і платформа для галасавання на выбарах у Каардынацыйную раду (КР) 4-га склікання працуюць як мае быць, заявіла кіраўніца выбарчай камісіі КР Алена Прыходзька 16 траўня падчас дыскусіі з выбарчымі спісамі ў варшаўскім Беларускім …
Падзяліцца: