Мінск 20:15

У Беларусі праходзіць трэніроўка вайсковых часцей баявога прымянення ядзернай зброі

Ілюстрацыйнае фота: Аляксандра Бардаш / unsplash.com

18 траўня, Позірк. Пра пачатак трэніроўкі вайсковых часцей баявога прымянення ядзернай зброі і ядзернага забеспячэння паведаміла 18 траўня прэс-служба Міністэрства абароны.

Заяўлена, што вучэнні праводзяцца ў “інтарэсах падвышэння гатоўнасці Узброеных сіл да прымянення сучасных сродкаў паражэння, у тым ліку спецыяльных боепрыпасаў”.

Кіруе манеўрамі начальнік Генеральнага штаба УС — першы намеснік міністра абароны Павел Муравейка.

У рамках вучэнняў плануецца “ўдасканаліць узроўні падрыхтоўкі асабовага складу”, а таксама правесці “праверку ўзбраенняў, вайсковую і спецыяльную тэхніку да выканання задач і арганізацыю баявога прымянення з няпланавых раёнаў”.

“Для правядзення мерапрыемства прыцягваюцца вайсковыя часці ракетных войскаў і авіяцыі. У ходзе трэніроўкі ва ўзаемадзеянні з расійскім бокам плануецца адпрацаваць пытанні дастаўкі ядзерных боепрыпасаў і падрыхтоўкі іх да прымянення”, — гаворыцца ў паведамленні ведамства.

Галоўнай асаблівасцю трэніроўкі названая “праверка гатоўнасці да выканання задач баявога прымянення з непадрыхтаваных раёнаў на ўсёй тэрыторыі”.

“Асноўны ўпор будзе зроблены на адпрацоўку пытанняў незаўважнасці, перамяшчэння на значныя адлегласці, правядзення разлікаў для прымянення сіл і сродкаў. Трэніроўка з’яўляецца планавым мерапрыемствам падрыхтоўкі ў рамках Саюзнай дзяржавы, не скіраваная супраць трэціх краін і не нясе пагроз бяспецы ў рэгіёне”, — падкрэсліла міністэрства.

Члены Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) заявілі 29 красавіка пра “безумоўную прыхільнасць” да датрымання і ўмацавання Дагавора аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі (ДНЯЗ).

У заяве на сайце арганізацыі гаварылася, што з тае пары, як ДНЯЗ набыў моц, ён застаецца “адным з апірышчаў архітэктуры міжнароднай бяспекі” і з’яўляецца высока запатрабаваным “у складаных умовах сучаснай міжнароднай абстаноўкі”.

“Даказаўшы сваю эфектыўнасць, ДНЯЗ працягвае адыгрываць ключавую ролю ў прадухіленні распаўсюду ядзернай зброі”, — адзначыў ваенна-палітычны блок.

Роўная значнасць трох фундаментальных складальнікаў ДНЯЗ (раззбраенне, нераспаўсюд і мірнае выкарыстанне атамнай энергіі) названае залогам таго, што дакумент “здольны не толькі выстаяць перад абліччам наяўных выклікаў і пагроз, але і застацца асновай міждзяржаўнага ўзаемадзеяння ў гэтых галінах на доўгія гады наперад”.

АДКБ таксама заклікала “рабіць дзейсныя крокі для зніжэння рызыкаў узнікнення ядзерных канфліктаў і, адпаведна, любой ваеннай канфрантацыі паміж дзяржавамі, якія маюць ядзерную зброю”.

Варта адзначыць, што ўдзельніцай АДКБ, у якой дэ-факта вядучую ролю адыгрывае Расія, ёсць Беларусь, якая раней заявіла пра размяшчэнне на сваёй тэрыторыі расійскай тактычнай ядзернай зброі (ТЯЗ). Абедзьве дзяржавы зьяўляюцца бакамі ДНЯЗ.

Аляксандр Лукашэнка ды іншыя афіцыйныя асобы неаднаразова фактычна пагражалі іншым краінам ужываннем ТЯЗ і паўтаралі тэзу пра магчымасць яе выкарыстання ў абарончых мэтах у адказ на магчымы напад.

“Вы нас не чапайце. І забудзьцеся пра ядзерную зброю. Але калі вы здзейсніце агрэсію, адказ будзе імгненны. Мэты вызначаныя”, — заявіў Лукашэнка 6 ліпеня 2023 года на сустрэчы з замежнымі журналістамі.

Паводле яго слоў, “калі будзе агрэсія НАТО, да прыкладу, ЗША супраць Беларусі ці Расіі — тады рукі развязаныя — паводле канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Расія, лічы Беларусь, якая мае гэтую зброю, адкажа”. “Вы нас не чапайце. І мы ніколі не выкарыстаем гэту смяротную зброю”, — сказаў ён.

За год да таго палітык заявіў, што “войску аддадзены загад узяць пад прыцэл цэнтры прыняцця рашэнняў у замежных сталіцах”.

На пасяджэнні Першага камітэта (па раззбраенні і міжнароднай бяспецы) Генасамблеі ААН у кастрычніку 2023 года прадстаўнікі Літвы, Польшчы і ЗША асудзілі размяшчэнне ў Беларусі тактычнай ядзернай зброі.

Еўрапейскі парламент у заяве, прымеркаванай да 40-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС, заклікаў міжнародную супольнасць стварыць незалежны радыелагічны рэгістр і прызнаць размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі пагрозай калектыўнай бяспецы.

Падзяліцца: