Мінск 19:07

У Віцебску іншаземец прыгавораны да пазбаўлення волі за арганізацыю незаконнай міграцыі

Ілюстрацыя: Tingey Injury Law Firm / unsplash.com

18 траўня, Позірк. Грамадзянін “паўднёваазіяцкай дзяржавы” прыгавораны ў Віцебску да 1 году і 3 месяцаў пазбаўлення волі за арганізацыю незаконнай міграцыі і падробку дакументаў, паведамляе Генеральная пракуратура.

29-гадовы замежнік “у складзе злачыннай групы па папярэдняй змове з лютага па чэрвень 2025 года аказваў актыўнае садзейнічанне чатыром грамадзянам сваёй краіны ў незаконным уездзе і знаходжанні на тэрыторыі Беларусі“, гаворыцца ў рэлізе нагляднага ведамства.

Заяўляецца, што ён “вырабляў падробленыя хадайніцтвы на атрыманне віз” і “асабіста сустракаў мігрантаў у аэрапорце”. Пасля гэтага “арганізоўваў іх дастаўку ў Віцебск з прыцягненнем знаёмага кіроўцы таксі, загадзя браніраваў гасцініцы і хостэлы, куды размяшчаў прыбылых замежнікаў”.

“Акрамя таго, ён з лютага па верасень 2025 года прыняў ад неўстаноўленага ўдзельніка злачыннай групы прапанову аб вырабе падробленай пячаткі — яна патрабавалася для фальсіфікацыі хадайніцтваў аб атрыманні беларускіх віз”, — адзначаецца ў паведамленні.

Паводле матэрыялаў справы, падробленая пячатка “была выраблена на тэрыторыі яго роднай краіны і дастаўлена ў Беларусь кур’ерам — чарговым мігрантам, які прыбыў у краіну”.

Выкарыстоўваючы яе, абвінавачаны “вырабіў яшчэ 14 фіктыўных хадайніцтваў для сваіх суайчыннікаў, аднак давесці свой намер да канца яму не ўдалося па незалежных ад яго абставінах”.

“Падчас ператрусаў па месцы жыхарства і пры асабістым даглядзе мужчыны праваахоўныя органы выявілі падробленую пячатку, 59 гатовых хадайніцтваў аб выдачы віз, гарантыйныя лісты на знаходжанне замежных грамадзян у краіне, шматлікія фотавыявы пашпартоў замежных грамадзян, а таксама перапіску з удзельнікамі злачыннай групы, у якой дэталёва абмяркоўваліся маршруты незаконнага перасячэння мяжы Беларусі з сумежнымі дзяржавамі Шэнгенскай зоны”, — паведамляе Генпракуратура.

Акрамя тэрміну зняволення, фігуранту прызначаны штраф у памеры 200 базавых велічынь (9 тыс. рублёў).

Ведамства не паведамляе, грамадзянінам якой краіны з’яўляецца асуджаны.

20 сакавіка МУС паведаміла пра “перакрыццё канала нелегальнай міграцыі”. Былі затрыманыя двое мінчукоў і замежнік, якія, як заяўлялася, арганізавалі “незаконнае знаходжанне ў Беларусі 11 грамадзян азіяцкіх краін“.

3 сакавіка прэс-служба ведамства паведамляла, што за “арганізацыю незаконнага знаходжання“ замежнікаў у Беларусі затрыманыя дзве жыхаркі Мінска (30 і 39 гадоў). Паводле інфармацыі ведамства, на працягу года жанчыны “аказвалі садзейнічанне замежнікам, якіх раней дэпартавалі з Беларусі“.

Адзначалася, што яны рассялялі кліентаў у арандаваных кватэрах. За пражыванне жанчыны бралі па 50 долараў з кожнага за суткі. Іх паслугамі скарысталася больш за 40 чалавек.

24 лютага МУС адсправаздачыўся аб выяўленні “схемы незаконнай міграцыі”. Заяўлялася, што 30-гадовы выхадзец з Цэнтральнай Азіі, які пражывае ў Гомелі, будучы ўладальнікам фірмы-пасажыраперавозчыка, “пашырыў сферу дзейнасці нібыта для пашыву адзення“ і “з мэтай прыцягнення швачак на фіктыўную вытворчасць афармляў загадзя падробленыя дакументы для замежнікаў і падаваў іх у дзяржустановы“.

З вясны 2021 года на мяжы Беларусі і краін ЕС працягваецца міграцыйны крызіс, які ўлады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць “гібрыднай атакай“, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Падзяліцца: