Мінск 13:19

BelPol прадставіў Офісу Ціханоўскай “закрытую інфармацыю пра вайскова-палітычную сітуацыю” ў Беларусі

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Мінабароны

19 траўня, Позірк. Аналітычны брыфінг па пытаннях мілітарызацыі Беларусі правяла для Офіса Святланы Ціханоўскай арганізацыя BelPol.

Расследавальніцкая група паведаміла, што сустрэча адбылася з ініцыятывы каманды дэмакратычнага лідара на фоне “ўсё большай унутранай напружанасці ў Беларусі і ўзмацнення пагроз рэгіянальнай бяспецы, што зыходзяць ад рэжыму [Аляксандра] Лукашэнкі на адрас Украіны і краін НАТО”.

“Падчас мерапрыемства ўдзельнікам была прадстаўленая закрытая інфармацыя пра цяперашнюю вайскова-палітычную сітуацыю ўнутры краіны, уключаючы даныя пра дынаміку ўзмацнення сілавога блока, уцягнутасць Беларусі ў расійскія ваенныя стратэгіі і наступствы гэтых працэсаў для бяспекі рэгіёну”, — гаворыцца ў паведамленні.

Арганізацыя BelPol падкрэсліла, што “асобная ўвага была нададзеная пытанням унутранай бяспекі”. Да прадстаўнікоў Офіса Ціханоўскай “была даведзена інфармацыя пра патэнцыйныя пагрозы, якія зыходзяць ад беларускіх спецслужбаў, а таксама пра метады іх дзейнасці як унутры краіны, так і па-за яе межамі”.

15 траўня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі па выніках нарады з кіраўніцтвам структур сіл абароны напісаў у сваім тэлеграм-канале, што ўкраінская выведка фіксуе спробы “пераканаць [Лукашэнку] далучыцца да новых расійскіх агрэсіўных аперацый”. Яму, як сцвярджалася, стала вядома пра планы аперацый “па кірунках на поўдзень і на поўнач ад тэрыторыі Беларусі — альбо супраць Чарнігаўска-Кіеўскага кірунку ва Украіне, альбо супраць адной з краін НАТО”.

“Украіна валодае дэталямі размовы паміж Расіяй і Беларуссю. Украіна, безумоўна, будзе абараняць сябе і сваіх людзей, калі Аляксандр Лукашэнка памыліцца і вырашыць падтрымаць яшчэ і гэты расійскі намер. Даручыў нашым сілам абароны і бяспекі Украіны ўзмацніць адпаведны кірунак і прадставіць план нашага рэагавання”, — напісаў Зяленскі.

Міністэрства абароны Беларусі 18 траўня паведаміла пра пачатак трэніроўкі вайсковых часцей баявога выкарыстання ядзернай зброі і ядзернага забеспячэння. Было заяўлена, што вучэнні праводзяцца ў “інтарэсах падвышэння гатоўнасці Узброеных сіл да выкарыстання сучасных сродкаў паражэння, у тым ліку спецыяльных боепрыпасаў”.

19 траўня Мінабароны РФ абвясціла пра пачатак трохдзённых вучэнняў, у рамках якіх будуць адпрацоўвацца сярод іншага “пытанні сумеснай падрыхтоўкі і выкарыстання ядзернай зброі, размешчанай на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”.

Падзяліцца: