Бяляцкі заклікаў дамагацца вызвалення ўсіх палітвязняў, не скасоўваць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі

21 траўня, Позірк. Падзяку дыпламатам, якія дамагаюцца вызвалення беларускіх палітзняволеных, а таксама ўсім, хто ўвёў санкцыі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, прымусіўшы яго пайсці на саступкі, выказаў 21 траўня ў Вільнюсе лаўрэат Нобелеўскай прэміі міра, кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна”, экс-вязень Алесь Бяляцкі.
Праваабаронца выступіў з праграмнай прамовай на адкрыцці вільнюскай часткі III Кангрэса па палітзняволеных у Беларусі (першая частка форуму адбылася 19 траўня ў польскім горадзе Познань).
“Не было б санкцый, мы б далей сядзелі ў турме. Мы павінны гэта ясна разумець”, — падкрэсліў ён.
Асобна Бяляцкі падзякаваў палітвязням — тым, хто “вытрымаў гэтыя выпрабаванні, выйшаў годна, не зламіўся, не пакаяўся”.
“Мы апынуліся за мяжою не па сваёй волі, — адзначыў ён. — Мы ўсе адная сям’я, дзе б мы ні былі, дзе б мы ні жылі, якіх бы мы поглядаў ні былі. Мы розныя паводле палітычных поглядаў, паводле грамадскіх перакананняў, паводле ўзросту; жанчыны, мужчыны. Але нас аб’яднала адно — беларуская турма, прага да справядлівасці, жаданне вярнуцца ў дэмакратычную Беларусь”.
“У нас шмат праблем, яны звязаныя з легалізацыяй —многія з палітвязняў гадамі ўжо чакаюць магчымасці атрымаць дакументы і легалізавацца; адаптацыяй, бо ўсе мы прайшлі — у большай ці меншай ступені — праз катаванні і жорсткае абыходжанне. І ўсё гэта застаецца пакуль што з намі”.
Праваабаронца таксама падзякаваў урадам Літвы, Польшчы ды іншых краін, якія прымаюць палітзняволеных і даюць ім магчымасць вярнуцца да нармальнага жыцця. “Ну, і асабіста я дзякую, канешне, ўраду Нарвегіі, таму што я палітычны прытулак атрымаў у Нарвегіі”, — падкрэсліў спікер.
“Дзякуй праваабарончым арганізацыям, іншым нашым сябрам, грамадскім структурам беларускім, тым, хто дапамагае нам, якія не па сваёй волі апынуліся за мяжою, вярнуцца да нармальнага жыцця і да грамадскай працы. Самае галоўнае тое, што мы зараз на волі”, — дадаў ён.
Бяляцкі канстатаваў, што зараз “уся Беларусь — гэта адная турма”: “Кожны дзень я згадваю пра тое, што нашыя калегі, тыя нашыя актывісты, сябры, знаёмыя, з якімі мы разам знаходзіліся ў турме, яшчэ пакутуюць і працягваюць гэты цяжкі шлях. Больш за 800 (а насамрэч каля тысячы, таму што ўсіх мы не ведаем) палітзняволеных зараз знаходзяцца ў беларускіх турмах”.
Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міра заклікаў “не супакайвацца, пакуль не выйдуць усе да апошняга”, а таксама рабіць так, каб “спыніліся палітычныя рэпрэсіі”, бо “мала вызвалення палітвязняў — адных замяняюць на другіх, гэтая чортавая карусель працягваецца”.
“Давайце рабіць так, каб пачаліся змены ў Беларусі з удзелам дэмакратычных сіл — не над нашымі галовамі, а з нашым удзелам, — сказаў ён. — Давайце дамагацца справядлівасці, каб каты і злачынцы адказалі паводле закона. Таму я заклікаю і прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса не паслабляць ціск на рэжым, не адмяняць санкцыі. Яшчэ рана, пакуль не выкананыя гэтыя тры ўмовы: вызваленне палітвязняў, спыненне рэпрэсій, пачатак шырокага дыялогу”.
“Я буду падтрымліваць усе грамадскія сілы, якія прытрымліваюцца гэтых прынцыпаў, усіх, хто выступае і аб’ядноўваецца дзеля гэтай мэты — дэмакратычнай і незалежнай Беларусі. Нам мала быць на свабодзе, мы хочам вярнуцца ў дэмакратычную і незалежную Беларусь. Нам пажадана не ўвязвацца ва ўнутраныя звадкі, сваркі. Давайце не будзем забываць, што беларускія спецслужбы актыўна працуюць у гэтым кірунку, іх задача нас раз’яднаць, пасварыць. Толькі разам мы можам яўляць нейкую рэальную сілу. Давайце працаваць разам, і, перакананы, што разам мы даможамся добрых дэмакратычных зменаў у нашай краіне”, — падсумаваў Бяляцкі.

- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаВіцэ-спікер Сейма Літвы: Беларусь — яшчэ адзін ключ да дэмакратычнай, стабільнай і мірнай будучыні рэгіёна і ўсёй ЕўропыМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаБеларус-палітуцякач звярнуўся ў польскую пракуратуру ў сувязі з размяшчэннем яго асабістых звестак у мясцовым тэлеграм-каналеМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Грамадства, ПалітыкаІнстытут пагранічнай службы навучае кіраванню БПЛАМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- Бяспека, ГрамадстваКолькасць парушэнняў правілаў пагранічнага рэжыму зніжаецца — ДПКМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Эканоміка


