Мінск 12:04

Мінабароны анансавала камандна-штабныя вучэнні ў Лідскім раёне з удзелам войскаў тэрабароны

24 траўня, Позірк. 24–26 траўня пад кіраўніцтвам намесніка старшыні Гродзенскага аблвыканкама пройдуць камандна-штабныя вучэнні, паведамляе Міністэрства абароны.

“Манеўры — частка планавага навучальнага збору тэрытарыяльных войскаў Лідскага раёна. У іх возьмуць удзел ваеннаабавязаныя, прызваныя з запасу, супрацоўнікі органаў унутраных спраў, а таксама добраахвотнікі народнага апалчэння”, — гаворыцца ў паведамленні.

Мэтай вучэнняў названа “ўдасканаленне навыкаў афіцэраў па кіраўніцтву падначаленымі сіламі тэрытарыяльнай абароны і навучанне асабістага складу зладжаным дзеянням пры вырашэнні задач ТэрА”.

“Увага будзе нададзеная прымяненню тэрытарыяльных войскаў сумесна з падраздзяленнямі ўнутраных войскаў, тэрытарыяльнымі органамі ўнутраных спраў і добраахвотнікамі народнага апалчэння, а таксама пытанням абароны асабістага складу і аб’ектаў ад беспілотных лятальных апаратаў з выкарыстаннем розных сродкаў”, — заяўляе ведамства.

22 траўня ў Лідскім раёне (Гродзенская вобласць) пад кіраўніцтвам міністра абароны Віктара Хрэніна праходзіў штогадовы збор “Ваенная бяспека і абарона дзяржавы”.

У мерапрыемствах удзельнічалі дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч, прадстаўнікі Мінабароны, Генштаба і сілавых ведамстваў, кіруючы склад абласных і Мінскага гарвыканкама, ваенныя камісары абласцей і сталіцы.

Мэтай было названа “павышэнне ўзроўню падрыхтоўкі кіруючага складу <…> выканаўчых камітэтаў у пытаннях тэрытарыяльнай абароны”.

Выступаючы перад удзельнікамі збору, Хрэнін сярод іншага заявіў, што геапалітычнае становішча “змушае больш шчыльна займацца пытаннямі тэрытарыяльнай абароны, пераконвацца ў жыццяздольнасці сістэмы часцей чым звычайна”.

Як заявіў Хрэнін, “зыходзячы з досведу ўзброеных канфліктаў і “спецыяльнай ваеннай аперацыі” (захопніцкая вайна Расіі супраць Украіны) у Мінабароны ўдакладнілі і ўдасканалілі сістэму падрыхтоўкі войскаў тэрытарыяльнай абароны, “пачынаючы ад добраахвотніка ў народным апалчэнні, ваеннаабавязанага і заканчваючы кіраўніком мясцовых органаў улады”.

У сакавіку прайшла трэніроўка па кіраванні фарміраваннем тэрытарыяльных войскаў пад кіраўніцтвам начальніка Генштаба Узброеных сіл — першага намесніка міністра абароны Паўла Муравейкі.

Тэрытарыяльныя войскі — род войскаў Узброеных сіл, які склікаецца ў перыяд вайны або напружанай ваенна-палітычнай абстаноўкі. Выконвае дапаможныя функцыі. Складаецца з асоб, якія прайшлі службу і знаходзяцца ў запасе.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны. Напад пачаўся ў тым ліку з беларускай тэрыторыі.

Падзяліцца: