Мінск 21:05

У войску Беларусі праходзяць трохдзённыя вучэнні тылавікоў

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Мінабароны / кадраванне: "Позірк"

26 траўня, Позірк. Камандна-штабныя вучэнні з органамі вайсковага кіравання, злучэннямі, вайсковымі часцямі і арганізацыямі тылавога забеспячэння Узброеных сіл праходзяць 26–28 траўня, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.

Манеўры, якімі кіруе намеснік міністра — начальнік тылу УС Андрэй Бурдыка, прысвечаныя “кіраванню тылавым забеспячэннем войскаў (сіл) у аперацыі УС па крызісным рэагаванні”.

Мэтай вучэнняў названае “дасягненне і падтрыманне неабходнага ўзроўню навучанасці службовых асоб усіх узроўняў, які дазваляе ім аператыўна вырашаць задачы тылавога забеспячэння аперацыі УС па крызісным рэагаванні”.

У манеўрах таксама возьмуць удзел ваеннаабавязаныя, прызваныя з запасу.

Чакаецца, што будзе выкананы комплекс мерапрыемстваў па “падвышэнні жывучасці аб’ектаў, вайсковых часцей і арганізацый тылу”.

Згодна з інфармацыяй Мінабароны, усе практычныя мерапрыемствы будуць адпрацоўвацца і праводзіцца на аб’ектах тылу ўпершыню.

Напярэдадні ведамства абвясціла пра пяцідзённыя зборы з афіцэрамі-аператарамі УС (25–29 траўня).

“Асаблівая ўвага будзе нададзеная інжынернаму забеспячэнню злучэнняў і вайсковых часцей, арганізацыі забеспячэння малалікіх падраздзяленняў, якія дзейнічаюць у адрыве ад галоўных сіл, тактычнай медыцыне паводле досведу правядзення СВА”, — гаворыцца ў паведамленні.

Улады практычна бесперапынна праводзяць вучэнні, трэніроўкі, зборы сілавікоў і войска на фоне поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны, якую маскоўскі і мінскі рэжымы называюць “спецыяльнай ваеннай аперацыяй (СВА)”.

Падзяліцца: