Мінск 17:59

Прадстаўнік Украіны ў ААН прыгразіў рэжыму ў Мінску разбуральнымі наступствамі ў выпадку атакі

Прадстаўнік Украіны ў ААН Андрэй Мельнік
Архіўнае відэа: пасяджэнне Савета бяспекі ААН / стоп-кадр: "Позірк"

29 траўня, Позірк. Украіна спадзяецца, што Беларусь не пачне ўварванне са сваёй тэрыторыі, але калі гэта адбудзецца, Кіеў будзе бараніцца ў адпаведнасці з арт. 51 Статута Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, заявіў на пасяджэнні Савета Бяспекі ААН пастаянны прадстаўнік гэтай краіны Андрэй Мельнік.

Арт. 51 Статута ААН замацоўвае неад’емнае права дзяржаў на індывідуальную або калектыўную самаабарону ў выпадку ўзброенага нападу.

“Мы ўважліва сочым за дзеяннямі Расіі, скіраванымі на далейшае ўцягванне Беларусі ў агрэсію супраць Украіны. Гэта яшчэ адно трывожнае пытанне і яшчэ адна новая пагроза, на якую я хацеў бы звярнуць увагу Савета Бяспекі”, — прыводзіць 29 траўня словы дыпламата інфармагенцтва “Укрінфарм”.

Мельнік заявіў, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі фактычна адмовіўся ад суверэнітэту, дазволіўшы Маскве выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі, яе вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору. Ён канстатаваў, што Крэмль усё мацней штурхае Беларусь да больш глыбокага ўцягвання ў вайну, згадаўшы пра мабілізацыйныя мерапрыемствы, разгортванне сучасных ракетных сістэм і навучанне таму, што звязана з ядзернай зброяй.

“Гэта стварае новую, беспрэцэдэнтную пагрозу не толькі Украіне, але і еўрапейскай бяспецы”, — падкрэсліў дыпламат.

Мельнік папярэдзіў, што “любая атака з поўначы выкліча неадкладны і рашучы адказ, а рэжым у Мінску сутыкнецца з разбуральнымі наступствамі”. Ён таксама заклікаў Савет Бяспекі ААН узмацніць ціск на Маскву і Мінск, каб прадухіліць новую эскалацыю вайны.

13 траўня Паветраныя сілы УСУ паведамілі, што Расія правяла маштабную атаку беспілотнікамі, выкарыстаўшы “тэрыторыю Беларусі і Малдовы для пралёту ўдарных БПЛА ў бок Украіны”.

15 траўня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі па выніках нарады з кіраўніцтвам структур сіл абароны напісаў у сваім тэлеграм-канале, што ўкраінская выведка фіксуе спробы “пераканаць [Лукашэнку] далучыцца да новых расійскіх агрэсіўных аперацый”. Яму, як сцвярджалася, стала вядома пра планы аперацый “па кірунках на поўдзень і на поўнач ад тэрыторыі Беларусі — альбо супраць чарнігаўска-кіеўскага кірунку ва Украіне, альбо супраць адной з краін НАТО”.

16 траўня камандуючы Сіламі беспілотных сістэм Украіны Роберт Броўдзі (“Мадзяр”) прыгразіў Лукашэнку адплатай за пропуск расійскіх ударных дронаў праз Беларусь: “Мінскі гаўляйтэр Лукашэску! Мы фіксуем пралёт кожнага без выключэння “Шахеда”, які накіроўваецца ва Украіну, скарыстаўшыся калідорамі Беларусі, кожную без выключэння тваю фрыкцыю і хістанне мілітарнага адцення”.

17 траўня па выніках начнога нападу дронаў на аб’екты ў Маскве і Маскоўскай вобласці Броўдзі зноў звярнуўся да Лукашэнкі: “Масква ад гэтае пары ніколі не спіць. Версія 17.05, шанцы зраўняліся: ануляваны аднабаковы абанемент спакойнага жыцця на Патрыках (Патрыярхавых сажалках у Маскве. — “Позірк”.) і ваколіцах”.

У трэці раз Броўдзі, звяртаючыся да Лукашэнкі, заявіў пра “першыя 500 цэляў на алоўку”. “Бясплатная і вельмі практычная парада: не лезь на вочы Украіне”, — напісаў ён у сваім тэлеграм-канале.

25–27 траўня Украіну ўпершыню наведвала з афіцыйным візітам беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская. 26 траўня яна сустрэлася з прэзідэнтам краіны Уладзімірам Зяленскім.

Украінскія СМІ, як паказаў праведзены Позіркам аналіз, пісалі пра Ціханоўскую не як пра сімвал пратэстаў 2020 года, а як пра інструмент дыпламатыі і патэнцыйнага партнёра супраць “расійскай восі Масква — Мінск”.

Падзяліцца: