Мінск 17:57

У дачыненні да жыхара Магілёўскай вобласці, які выпадкова стрэліў у свайго сына, распачатая крымінальная справа

Ілюстрацыйнае фота: unsplash.com / Sebastian Pocieha

29 траўня, Позірк. У дачыненні да 61-гадовага жыхара вёскі Бялынкавічы (Касцюковіцкі раён, Магілёўская вобласць) распачатая крымінальная справа прыватна-публічнага абвінавачання паводле арт. 155 КК (нанясенне цяжкага ці менш цяжкага цялеснага пашкоджання праз неасцярожнасць) — за раненне 15-гадовага сына, паведамляе Генеральная пракуратура са спасылкай на пракуратуру Магілёўскай вобласці.

Паводле інфармацыі ведамства, 24 траўня 2026 года мужчына “з выкарыстаннем незарэгістраванай зброі ажыццяўляў на тэрыторыі сялянскай (фермерскай) гаспадаркі забой хатняй свінні, падчас якога праз неасцярожнасць стрэліў у бок 15-гадовага сына, які знаходзіўся побач”.

У падлетка пранікальнае агнястрэльнае раненне брушнай паражніны. Паводле прыкметы небяспекі для жыцця яно адносяцца да катэгорыі цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Юнак быў шпіталізаваны, яму аказалі экстраную медыцынскую дапамогу. Цяпер ён знаходзіцца ў бальніцы.

Паколькі падлетак з прычыны ўзросту не здольны самастойна абараняць свае правы, а “здзейсненае злачынства істотным чынам закранула інтарэсы дзяржавы і грамадства”, пракурор распачаў крымінальную справу прыватна-публічнага абвінавачання, то бок “без адпаведнай заявы пацярпелага”.

Следчы камітэт паведамляў пра здарэнне 24 траўня. Тады было заяўлена, што мужчына страляў з гладкаствольнай стрэльбы, якая засталася яму ў спадчыну.

Падзяліцца: