Мінск 18:00

У войску Беларусі камандзір можа кантраляваць на полі бою кожнага байца, сцвярджае начальнік Генштаба

Начальнік Генштаба УС Павел Муравейка
Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Мінабароны

29 траўня, Позірк. Сёння на полі бою выйграе той, хто валодае інфармацыяй, атрымлівае хутка сігналы і перадае адпаведныя каманды, заявіў начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл — першы намеснік міністра абароны Беларусі Павел Муравейка 29 траўня падчас перадачы новай і мадэрнізаванай тэхнікі сувязі ў 619-ю базу захоўвання, рамонту, мадэрнізацыі і ўтылізацыі сродкаў сувязі.

Прэс-служба Міністэрства абароны паведаміла, што ў войскі накіравана каля 15 адзінак тэхнікі, а таксама больш за 50 мабільных камплектаў сувязі.

Паводле слоў Муравейкі, чарговую партыю тэхнікі атрымалі “механізаваныя брыгады, навучальныя ўстановы, цэнтры падрыхтоўкі”. Гэта неабходна, каб “сучасныя спецыялісты асвойвалі гэтую тэхніку не праз плакаты і канспекты, а ўжывую, працуючы непасрэдна на адпаведных машынах”.

Начальнік Генштаба УС адзначыў, што тактычнае звяно кіравання “сёння забяспечана лічбавымі лініямі, плынямі, якія забяспечваюць фактычна ў анлайн рэжыме сувязь камандзіра з кожным салдатам”. Дзякуючы новым комплексам сродкаў аўтаматызацыі, “камандзір можа кантраляваць кожнага байца на поле бою і бачыць яго на сваёй крыніцы вываду інфармацыі, няхай гэта будзе планшэт, ноўтбук або экран баявой машыны”, сцвярджае военачальнік.

“За апошнія 10 гадоў мы зрабілі шмат і адпавядаем сучасным падыходам да забеспячэння нашых войскаў. Я ўдзячны ўсім спецыялістам, якія працавалі над гэтай праблематыкай і забяспечылі падвышэнне эфектыўнасці кіравання нашымі Узброенымі сіламі”, — падсумаваў Муравейка.

Аляксандр Лукашэнка 11 траўня на нарадзе па пытаннях узбраення і дзяржабаронзамовы заявіў, што выкананне дзяржаўнай праграмы ўзбраення на 2021–2025 гады дало магчымасць падвысіць “удзельную вагу сучасных узораў” зброі ў войску Беларусі “амаль да паловы — 45%”.

Падзяліцца: