Лукашэнка абвінаваціў Зяленскага ў ментальным разладзе і наркаманіі за заяву, якая належыць не яму

31 траўня, Позірк. У прыёме наркатычных сродкаў і наяўнасці ментальнага разладу абвінаваціў прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага Аляксандр Лукашэнка. Відэа яго размовы са СМІ ў Астане (Казахстан, 28 ці 29 траўня) апублікаваў тэлеграм-канал “Пул Первого”.
Адказваючы на пытанне карэспандэнта тэлеканала “Россия 1”, Лукашэнка сказаў: “Яны (Украіна. — “Позірк”.), можа, і вызначылі 500 цэляў [для ўдару ў Беларусі]. Дзякуй, што ў нас 500 цэляў для іх ёсць”.
“У нас ёсць адна цэль, вельмі сур’ёзная, з дакладнымі каардынатамі. І зусім недалёка ад Беларусі. Гэта ж яны таксама разумеюць”, — дадаў ён, верагодна, маючы на ўвазе размяшчэнне самога Зяленскага.
“Балбатня прэзідэнта… Няхай мяне Уладзімір Аляксандравіч прабачыць за гэта”, — сказаў Лукашэнка, у чарговы раз заявіўшы, што пазіцыя ўкраінскіх вайскоўцаў нібыта адрозніваецца ад падыходу прэзідэнта.
“Ён, бачыце ці не, 500 цэляў бачыць. Напэўна, калі не сляпы, то і больш убачыць, — працягнуў аратар. — Але ён павінен разумець, што мы бачым, хто стаіць на мяжы з таго боку. Гэта ж людзі, якіх злавілі на вуліцах, небаракі, украінцы (маюцца на ўвазе мабілізаваныя. — “Позірк”.). І ваяры так званай тэрытарыяльнай абароны — учорашнія рабочыя, механізатары, калгаснікі, там, і гэтак далей. Гэта што за воіны? Гэта ж гарматнае мяса”.
На думку Лукашэнкі, Зяленскага да выказванняў пра Беларусь “падштурхнуў” Еўрасаюз, “ну вось ён і ляпае”.
Згадаўшы дыялог Мінска з Вашынгтонам як удалы, Лукашэнка адазваўся аб “еўрапейцах“, якія “нечага там мыкаюць“: “І яны [Зяленскаму] кажуць: “А ты чаго маўчыш? Заўтра, быццам бы, будзе атака з боку Беларусі ва Украіну?“
Як запэўніў спікер, гэтага “ніколі не будзе”.
“І нейкія там дзеянні… Нашых ціхушак-лахушак (традыцыйнае ўніжальнае найменне лідараў дэмсіл з адсылкамі да іх прозвішчаў. — “Позірк”.), кажуць, запрасіў і іншае”, — працягнуў ён.
Інфармацыю аб нядаўнім візіце дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай у Кіеў, паводле прызнаннч Лукашэнкі, ён атрымаў па расійскім ТБ: “Дзякуй расіянам, якія гэта заўважылі <…>. Я чуў на РТР гэтую перадачу”.
“Я рады, што ён іх запрасіў <…> Добра, што яны паглядзелі на нашу так званую апазіцыю”, — дадаў ён, чарговы раз назваўшы яе прадстаўнікоў “бандытамі”.
Паводле сцвярджэння Лукашэнкі, дэмсілы нібыта разлічваюць падрыхтаваць ва Украіне “баевікоў з ліку беларусаў, укра́інцаў, палякаў і яшчэ літоўцаў”, і яны “рушаць і захопяць нейкі раённы цэнтр [у Беларусі]”.
Пры гэтым ён прыгразіў, што калі “з нейкай тэрыторыі будзе ажыццёўлена ваенная атака” на Беларусь, вайна ва Украіне “атрымае зусім іншую якасць”.
Паводле прызнання Лукашэнкі, ён “спрабуе зразумець” Зяленскага: “Ідзе вайна. Ідзе жудасны ціск. Перажыць гэта не так проста. Ну і там (круціць ля скроні. — “Позірк”.), можа быць, нешта здарылася. Дзесьці курнуў, дзесьці кальнуў (намёк на наркаманію, у чым прэзідэнта Украіны безпадстаўна абчінавачвае расійская прапаганда. — “Позірк”.) <…> — і ён пачынае рабіць гэтую заяву”.
“Мне яго проста шкада. Таму <…> я маўчу. Не дай бог патрапіць у такую сітуацыю”, — сказаў на заканчэнне аратар, які толькі што прамовіў пералічанае вышэй.
Зяленскі апошнім часам актыўна выказваецца аб небяспецы большага ўцягвання Мінска ў вайну і перасцерагае аб мерах у адказ.
Аднак заява, да якой адсылае Лукашэнка, не належыць украінскаму прэзідэнту.
Аўтар цытаты (“Першыя 500 цэляў ужо на алоўку. Бясплатная і вельмі практычная парада: не лезь у вочы Украіне”) — камандуючы Сіламі беспілотных сістэм Украіны Роберт Броўдзі з пазыўным “Мадзяр”, які 26 траўня трэці раз за 11 дзён у рэзкай форме публічна звярнуўся да Лукашэнкі ў сваім тэлеграм-канале.
Дэлегацыя дэмсіл на чале з Ціханоўскай наведала Украіну 25–26 траўня. Гэта быў яе першы візыт у краіну. У Кіеве палітык сустрэлася з Зяленскім.
Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны. Напад пачаўся ў тым ліку з беларускай тэрыторыі.
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЛатвія 66 дзён запар фіксуе актыўнасць мігрантаў ля сваёй мяжы з БеларуссюМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Навіны Германіі
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 27–29 траўня 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка



