Мінск 00:01

Прадстаўнікі дэмсіл абмеркавалі ў Вярхоўнай Радзе Украіны праблемы беларускіх добраахвотнікаў

Ілюстрацыя: pixabay.com

31 траўня, Позірк. Праблемы беларускіх добраахвотнікаў абмеркавалі прадстаўнікі дэмакратычных сіл у Вярхоўнай Радзе Украіны з удзелам дзейных ваяроў.

Як паведамляе прэс-служба Аб’яднанага пераходнага кабінету, у Кіеве адбылася іх сустрэча з Камітэтам ВР па пытаннях еўраінтэграцыі і міжфракцыйным аб’яднаннем “За дэмакратычную Беларусь”.

“Важна было тое, што добраахвотнікі і ветэраны распавялі пра ўласны досвед і праблемы, з якімі сутыкаюцца падчас службы, пасля раненняў, пры праходжанні працэдур легалізацыі і ў пытаннях сацыяльнай абароны”, — гаворыцца ў рэлізе.

Таксама гаворка ішла аб праблемах міграцыйнага заканадаўства, “абмяркоўваліся пытанні прававога статусу, доступу да дзяржаўных сэрвісаў, банкаўскіх паслуг, сацыяльных гарантый і магчымасцяў доўгатэрміновага знаходжання ва Украіне” для ваяроў і іх сем’яў.

“Асобнай тэмай стала становішча сем’яў беларускіх добраахвотнікаў, якія знаходзяцца ў расійскім палоне або лічацца зніклымі без вестак, — адзначае АПК. — Удзельнікі звярнулі ўвагу на прававыя і сацыяльныя цяжкасці, з якімі яны сутыкаюцца, а таксама на неабходнасць выпрацоўкі дадатковых механізмаў падтрымкі”.

“Праблемы беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне даўно выйшлі за межы асобных выпадкаў”, — лічыць прадстаўніца АПК Вольга Зазулінская, якая ўдзельнічала ў сустрэчы.

Паводле яе, “людзі, якія прынялі рашэнне абараняць Украіну, павінны разумець, што дзяржава здольная гарантаваць ім і іх родным базавую прававую і сацыяльную бяспеку”.

Удзельнікі “дамовіліся працягваць працу для вырашэння праблемаў у межах далейшага дыялогу паміж украінскім бокам і прадстаўнікамі дэмакратычных сіл Беларусі”.

Тема ўздымалася падчас візіту ў Кіеў дэмлідара Святланы Ціханоўскай 25–26 траўня.

“Абмеркавалі сітуацыю з беларускімі добраахвотнікамі, вырашэнне іх праблем, <…> лёс [байцоў з пазыўнымі] “Тромблі” і “Клешч”, якія знаходзяцца ў расійскім палоне, магчымасці іх абмену, а таксама магчымасці вызвалення або абмену палітвязняў у беларускіх турмах, асуджаных за падтрымку Украіны”, — паведамлялася па выніках сустрэчы ў Каардынацыйным штабе па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі.

Падзяліцца: