Мінск 14:46

Лукашэнка змякчыў рыторыку па Украіне, бо ўсвядоміў магчымыя наступствы, лічыць амбасадар Чарнагор

Яраслаў Чарнагор
Архіўнае фота: "Белсат"

16 чэрвеня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка змякчыў рыторыку адносна Кіева і публічна папрасіў прабачэння ў прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, бо ўсвядоміў магчымыя наступствы, такое меркаванне выказаў агенцтву “Укрінформ” амбасадар па асаблівых даручэннях МЗС Украіны Яраслаў Чарнагор, які адказвае за сувязі з беларускімі дэмсіламі.

“Я думаю, да Лукашэнкі дайшлі тыя сігналы, якія падавала Украіна праз візіт [беларускага дэмакратычнага лідара Святланы] Ціханоўскай, інтэрв’ю прэзідэнта Зяленскага і міністра замежных спраў [Андрэя] Сібігі, што ўкраінскі бок занепакоены станам спраў у Беларусі і яе паглынаннем Расіяй, — заявіў дыпламат. — Напэўна, Лукашэнка зразумеў, што пустая бравада, якую ён сабе дазваляў у дачыненні да Украіны, можа мець наступствы, таму ўмоўна “даў заднюю”, узгадаўшы ў інтэрв’ю гэтыя выпадкі і папрасіўшы прабачэння”.

На пытанне, ці можна верыць заявам пра тое, што Лукашэнка не мае намеру ажыццяўляць ваенныя дзеянні супраць Украіны, Чарнагор адказаў, што варта крытычна ставіцца да любых слоў — “як пра пагрозы, так і пра іх адсутнасць”.

“Нам трэба мець на ўвазе, што самастойнасць Беларусі вельмі абмежаваная расійскім уплывам. Магчыма, асабіста Лукашэнка не мае планаў нападу на Украіну. Але калі [прэзідэнт РФ Уладзімір] Пуцін скажа, то беларускае войска выканае гэтыя загады праз сваіх кіраўнікоў. Таму ўважліва слухаем, але абсалютна не давяраем яго словам”, — сказаў Чарнагор.

Дыпламат падкрэсліў, што для рэжыму Лукашэнкі ўдзел у вайне супраць Украіны ёсць “палітычным ці нават фізічным самагубствам”, але гэта не азначае, што Беларусь у яе не ўступіць, калі такое рашэнне будзе прынятае Масквой.

Звярнуўшы ўвагу на тое, што заявы Лукашэнкі прагучалі ў размове з журналісткай тэлеканала Al Arabiya English (Саудаўская Аравія), амбасадар па асаблівых даручэннях адзначыў: “Я не думаю, што Лукашэнка ўсе тэзы сваіх інтэрв’ю ўзгадняе з Крамлём”.

“Магчыма, у нейкія моманты ён шчыры ў сваім нежаданні ваяваць, бо правільна назваў рызыкі: у выпадку якога-небудзь абвастрэння вайна перакінецца на тэрыторыю Беларусі, і ён страціць як мінімум палову свайго эканамічнага патэнцыялу, а з улікам сучасных вайсковых тэхналогій — дронаў, ракет — для нанясення паражэння рэжыму Лукашэнкі не трэба непасрэдна ўводзіць войскі”, — сказаў суразмоўца агенцтва.

Чарнагор падкрэсліў, што Украіна не мае на мэце пачынаць вайну з Беларуссю.

“Але калі адтуль будзе пагроза, мы проста ліквідуем яе дыстанцыйным шляхам, — папярэдзіў ён. — Я думаю, што Лукашэнка разумее гэтую небяспеку для сябе, таму і вырашыў адмовіцца ад сваіх папярэдніх слоў і такім чынам крыху “памірыцца” з Украінай і знізіць градус напружанасці”.

Гл. таксама:

Лукашэнка папрасіў прабачэння ў Зяленскага і спадзяецца, што Вашынгтон націсне на Еўропу (на рускай мове)

Падзяліцца: