Мінск 12:40

Пацярпелых у Бранскай вобласці РФ беларусаў дастаўляюць у медустановы Мінска

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

18 чэрвеня, Позірк. Пацярпелыя ў Бранскай вобласці Расіі знаходзяцца на шляху ў Беларусь, рэанімабілі даставяць іх у медыцынскія ўстановы Мінска, паведаміла прэс-служба Гомельскага аблвыканкама.

“Дзіця, якое было ў цяжкім стане, уначы прааперавалі. Цяпер яго транспартуюць на апаратнай падтрымцы. Усе астатнія пацярпелыя ў свядомасці, размаўляюць і пачуваюцца лепш. Нягледзячы на ​​аскепкавыя раненні, прагнозы станоўчыя”, — гаворыцца ў тэлеграм-канале абласных уладаў.

Міністр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў, паводле інфармацыі прэс-службы ведамства, адзначыў, што 18 чэрвеня “эвакуацыя дзяцей і дарослага была пачатая ад самага ранку, калі дазволіла абстаноўка і стан іх здароўя”.

“На гэты момант эвакуююцца шэсць пацярпелых. З іх два цяжкія: адно дзіця і адно дарослае. І чатыры чалавекі ў стане рознай ступені цяжкасці, але не цяжкія”, — сказаў чыноўнік.

Напярэдадні ўвечары хлопчыка, які знаходзіцца ў цяжкім стане, прааперыравала брыгада спецыялістаў з Беларусі і Расіі (Бранск, Масква). Рашэнне пра тое, што яго можна транспартаваць, было прынятае калегіяльна спецыялістамі абедзвюх краін.

17 чэрвеня аўтобус з выхаванцамі дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы № 2 горада Рэчыца (Гомельская вобласць) трапіў пад удар у Бранскай вобласці РФ. У транспартным сродку, які рухаўся па маршруце Гомель — Геленджык, знаходзіліся 44 пасажыры, з іх 28 дзяцей-спартсменаў 2014–2015 гадоў нараджэння.

Пацярпела восем чалавек, у тым ліку шасцёра дзяцей. Яны шпіталізаваныя ў бальніцы Бранскай вобласці. Аднаму дзіцяці зробленая аперацыя.

Сярод тых, хто суправаджаў дзяцей, была жонка трэнера з Рэчыцкай ДЮСШ-2 Вікторыя Гарошка, яна загінула. Жанчына родам з Луганска (акупаваная тэрыторыя Украіны), доўга жыла ў Беларусі.

Следчы камітэт Беларусі распачаў крымінальную справу.

Увечары 17 чэрвеня дзеці і дарослыя, якія трапілі пад атаку ў РФ, вярнуліся ў Рэчыцу.

На ранак 18 чэрвеня ніякіх заяў наконт здарэння ад Аляксандра Лукашэнкі не было.

Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская і Аб’яднаны пераходны кабінет выказалі спачуванні родным загінулай, усім пацярпелым і заклікалі беларусаў не ездзіць у Расію. Ціханоўская нагадала, што “гэтую вайну пачала Расія”, адзначыла, што вінаватыя таксама “тыя прадстаўнікі дзяржавы, якія безадказна адправілі дзяцей праз прыгранічную зону ваенных дзеянняў”.

Падзяліцца: