Мінск 17:46

Стан большасці пацярпелых у Бранскай вобласці РФ стабільны — Мінздароўя

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

20 чэрвеня, Позірк. На гэты момант стан большасці грамадзян Беларусі, якія пацярпелі раней у Бранскай вобласці Расіі, стабільны, вынікае з паведамлення прэс-службы Міністэрства аховы здароўя.

Адзначаецца, што дарослы, які раней быў дастаўлены ў Галоўны вайсковы медыцынскі клінічны цэнтр № 432 Узброеных сіл, “пераведзены з рэанімацыі ў аддзяленне, стан стабільны”.

“Дзеці ў РНПЦ дзіцячай хірургіі — стабільныя, са станоўчай дынамікай. Дзіця, праапераванае 19 чэрвеня, у рэанімацыі, стан здавальняльны, — гаворыцца ў паведамленні. — Усім пацярпелым аказваецца высокатэхналагічная медыцынская дапамога ў поўным аб’ёме. Сітуацыя знаходзіцца на кантролі Міністэрства аховы здароўя”.

17 чэрвеня аўтобус з выхаванцамі рэчыцкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы № 2 (Гомельская вобласць) трапіў пад удар у Бранскай вобласці РФ. У транспартным сродку, які накіроўваўся з Рэчыцы ў Геленджык, знаходзілася 44 пасажыры, з іх 28 дзяцей-спартсменаў 2014–2015 гадоў нараджэння.

Першапачаткова заяўлялася, што пацярпела восем чалавек, у тым ліку шасцёра дзяцей. Пазней МЗС Беларусі ўдакладніла, што пацярпелых шэсць (пяць — дзеці). Іх шпіталізавалі ў бальніцы Бранскай вобласці (аднаму дзіцяці зроблена аперацыя). 18 чэрвеня пецярых дзяцей і аднаго дарослага з расійскіх бальніц перавезлі ў медустановы Мінска. Астатнія вярнуліся ў Рэчыцу ўвечары 17 чэрвеня.

Сярод тых, хто суправаджаў дзяцей, была жонка трэнера з Рэчыцкай ДЮСШ-2 Вікторыя Гарошка, яна загінула.

Расійскія, а ўслед за імі і беларускія ўлады і прапаганда адразу абвінавацілі ў здарэнні Украіну.

У дзень інцыдэнту Генеральны штаб Узброеных сіл Украіны заявіў, што ўкраінскі бок не датычны да ўдару па аўтобусе. Абвінавачанні ў гэтым спікер Генштаба Андрэй Кавалёў назваў “чарговай інфармацыйнай правакацыяй Крамля”. Вайсковае камандаванне заявіла таксама, што ў абазначаны перыяд Сілы абароны Украіны не выкарыстоўвалі беспілотныя лятучыя апараты па цэлях на тэрыторыі Бранскай вобласці.

Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады па правах чалавека Дзмітрый Лубінец “тэрмінова звязаўся” з беларускім бокам і выказаў жаданне далучыцца да “празрыстага і бесстаронняга высвятлення ўсіх фактаў і абставін гэтага здарэння”. Ці адказаў Мінск на яго зварот, невядома, але з заяваў чыноўнікаў і ведамстваў вынікае, што ў сітуацыі “разбіраюцца” толькі прадстаўнікі Беларусі і РФ.

Аляксандр Лукашэнка 18 чэрвеня заявіў, што ў аўтобус з беларускімі дзецьмі трапіў менавіта ўкраінскі беспілотнік: “Мы не спяшаемся рабіць нейкія высновы, але мы дакладна канстатуем факт, што гэта беспілотнік украінскага паходжання”.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, каментуючы 19 чэрвеня гэту сітуацыю, адзначыў наступнае: “Усе ўжо прызналі, і міжнародныя эксперты, і мне здаецца, што таксама і рускія прызнаюць або, скажам так, не адкрыта, што гэты ўдар быў не наш. Як гэта звязваць? Вельмі проста: рускія будуць рабіць шмат розных правакацый для таго, каб уцягнуць народ Беларусі ў гэту вайну”.

Падзяліцца: