Мінск 17:12

Па факце пажару ў гістарычным доме ў цэнтры Мінска распачатая крымінальная справа — СК

Архіўнае відэа: прэс-служба МНС / стоп-кадр: "Позірк"

9 ліпеня, Позірк. Пажар на гарышчы шасціпавярховага жылога дома па вул. Леніна, 9 у цэнтры Мінска ўвечары 28 чэрвеня ўзнік праз парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі, у тым ліку пры выкарыстанні электрычных сетак і электрапрыбораў, заявіў 9 ліпеня Следчы камітэт па выніках праведзенай праверкі.

Аддзел СК па Ленінскім раёне сталіцы распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 304 КК (парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі, якое пацягнула з неасцярожнасці нанясенне шкоды ў буйным памеры).

Ведамства адзначае, што “ўвечары 28 чэрвеня на мансардным паверсе жылога дома 9 па вуліцы Леніна ў сталіцы адбылося ўзгаранне, якое імкліва распаўсюдзілася і прывяло да пашкоджання памяшканняў”. “У выніку пажару маёмасць дзяржаўных органаў, юрыдычных і фізічных асоб была пашкоджаная і знішчаная, паводле папярэдніх ацэнак, на суму не менш як 450.000 рублёў”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што следчыя разам са спецыялістамі Дзяржкамітэта судовых экспертыз і МНС правялі “шматлікія дэталёвыя агляды, першасныя следчыя і працэсуальныя дзеянні”, зафіксавалі следавую карціну. Быў прызначаны “комплекс экспертных даследаванняў, у тым ліку па аб’ектах і прадметах, вынятых у ходзе агляду месца здарэння”, “запатрабаваная тэхнічная дакументацыя на будынак, а таксама эксплуатацыйныя дакументы арганізацый, якія месціліся на мансардным паверсе”.

Паводле інфармацыі СК, цяпер высвятляюцца ўсе акалічнасці здарэння, аб’ём шкоды і асобы, якія маюць дачыненне да ўзнікнення пажару.

6 ліпеня стала вядома, што пацярпелы ад пажару дом накрыты часовым дахам. У найбліжэйшай перспектыве будзе ўзведзены сталы дах, а ў 2027 годзе ў доме плануецца распачаць капітальны рамонт.

Як паведамляў Позірк, тушэнне буйнога пажару, які ўзнік увечары 28 чэрвеня на гарышчы шасціпавярховага жылога дома па вуліцы Леніна, 9 у цэнтры Мінска, працягвалася каля васьмі гадзін. Працэс ускладняўся спякотным надвор’ем (каля 30 градусаў вышэй за нуль на момант узгарання).

Згодна з паведамленнямі МНС і Мінгарвыканкама, плошча пажару спачатку ацэньвалася ў 400, пасля больш як у 1.000 кв. метраў. Было задзейнічана 13 адзінак тэхнікі і 53 работнікі МНС, пазней прыбыла яшчэ 14 адзінак тэхнікі і каля 70 работнікаў ведамства, прыцягваўся Рэспубліканскі атрад спецыяльнага прызначэння “Зубр” МНС. Быў задзейнічаны дрон з цеплавізарам.

Выратавана тры чалавекі, эвакуявана пяць; загінулых няма.

Пацярпелы дом — помнік сталінскай архітэктуры 1950-х гадоў. Паколькі ён з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю 3-й катэгорыі, вызначаны навуковы кіраўнік праекта па яго аднаўленні. Прэс-служба Мінгарвыканкама, якая паведаміла пра гэта 29 чэрвеня, не ўдакладніла, пад чыім менавіта навуковым кіраўніцтвам будзе адноўлены будынак.

Падзяліцца: