Дарадца прэзідэнта Літвы заклікала “не чапляцца” да фармулёвак па Беларусі ў праграме новага ўрада

14 ліпеня, Позірк. Пра адсутнасць зменаў у палітыцы Літвы ў дачыненні да Беларусі заявіла дарадца літоўскага прэзідэнта Аста Скайсгірыце 14 ліпеня ў эфіры радыёстанцыі Žinių radijas.
“Калі не чапляцца да канкрэтных фармулёвак або асобных слоў, можна сказаць, што палітыка ў дачыненні да Беларусі, якая праводзілася дагэтуль, будзе захаваная, а пэўныя тэхнічныя і дыпламатычныя кантакты могуць падтрымлівацца. Дарэчы, гэта маглі рабіць і папярэднія ўрады”, — цытуюць чыноўніцу літоўскія СМІ.
9 ліпеня выканаўца абавязкаў міністра замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што “інтарэс Літвы ў дачыненні з Беларуссю заключаецца ў гарантаванні [сваёй] бяспекі”.
Кіраўнік літоўскай дыпламатыі дадаў, што Мінск з’яўляецца крыніцай гібрыдных пагроз і розных дзеянняў, скіраваных супраць Вільнюса. “Пакуль Беларусь працягвае такую палітыку, Літва будзе прытрымлівацца жорсткага курсу, мы будзем дамагацца ўвядзення дадатковых санкцый <…>. Такая наша пазіцыя, і я не бачу тут ніякіх зменаў”, — сказаў Будрыс.
Як паведамляў “Позірк“, у праекце праграмы 21-га ўрада Літвы пад кіраўніцтвам Міндаўгаса Сінкявічуса ў параўнанні з праграмай ранейшага кабінета міністраў (Інгі Ругінене) назіраецца пэўная змена падыходу да Беларусі.
У прыватнасці, стары ўрад абяцаў “дамагацца адказнасці беларускага рэжыму за арганізаваны ўвоз мігрантаў, які стварыў пагрозу жыццям людзей і парушыў міжнароднае права”, а таксама “ўмацоўваць захады па барацьбе з нелегальнай міграцыяй”. Новы мае намер дамагацца адказнасці “за арганізаванае выкарыстанне нелегальнай міграцыі, якое стварыла пагрозу жыццям людзей і парушыла міжнароднае права”, “умацоўваць барацьбу з нелегальнай міграцыяй ды іншымі гібрыднымі атакамі”.
Урад Ругінене канстатаваў, што “цяперашні аўтарытарны рэжым Беларусі нясе пагрозу для Літвы, бо Беларусь з’яўляецца палітычным і ваенным саюзнікам Расіі”, і абавязваўся прадпрымаць “актыўныя дзеянні для далейшага падтрымання міжнароднай ізаляцыі Расіі і Беларусі”.
У праекце праграмы Сінкявічуса наўпрост не пазначана, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі — пагроза для літоўскай дзяржавы. Замест безумоўных “актыўных дзеянняў” па ізаляцыі Мінска ставіцца ўмова: “Калі Беларусь працягне падтрымліваць агрэсію Расіі супраць Украіны або будзе ажыццяўляць гібрыдныя атакі супраць ЕС або Украіны, мы будзем узмацняць ізаляцыю і ціск”.
20-ы ўрад прызнаваў Беларускую АЭС пастаяннай пагрозай для Літвы і абавязваўся захоўваць пытанне пра яе небяспеку “ў палітычным парадку дня ЕС з мэтай яе закрыцця да вырашэння ўсіх праблем аховы навакольнага асяроддзя і ядзернай бяспекі”. У праекце праграмы 21-га дэкларуецца намер “працягваць узнімаць пытанне небяспечнай” БелАЭС “у міжнародных фарматах” і дамагацца таго, каб Беларусь “выконвала найвышэйшыя стандарты ядзернай бяспекі і аховы навакольнага асяроддзя, а таксама датрымлівалася міжнародных абавязацельстваў”. Патрабавання пра закрыццё станцыі няма.
І нарэшце, урад Ругінене заяўляў, што будзе “і надалей дамагацца дэмакратычных выбараў у Беларусі пад назіраннем прадстаўнікоў міжнароднай супольнасці”. У праекце праграмы ўрада Сінкявічуса пра гэта нічога не гаворыцца.
30 чэрвеня Сейм Літвы зацвердзіў кандыдатуру 42-гадовага старшыні Сацыял-дэмакратычнай партыі Міндаўгаса Сінкявічуса на пасаду прэм’ер-міністра, у той жа дзень прэзідэнт Гітанас Наўседа падпісаў указ пра яго прызначэнне.
6 ліпеня Наўседа зацвердзіў новы склад урада, а 7-га Сейм разглядаў праграму кабінета. Чакаецца, што яна будзе ўхваленая парламентарыямі 14 ліпеня, пасля чаго ўрад прынясе прысягу.
Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў абнародаваным 7 ліпеня інтэрв’ю LRT заклікала новы ўрад Літвы працягнуць прынцыповую палітыку ў дачыненні да Мінска.
У той жа дзень спікер Сейма Літвы Юозас Олекас заявіў, што абмяркоўваць змякчэнне рэжыму санкцый у дачыненні да Беларусі можна толькі пасля таго, як у гэтай краіне адбудуцца дэмакратычныя змены.
Пры гэтым 1 ліпеня ў эфіры Žinių radijus Олекас выказаў меркаванне, што Літве давядзецца знайсці “фармат суіснавання” з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Бяспека, Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- ГрамадстваНа патрабаванне Варшавы за мінулы тыдзень Польшу пакінулі 34 грамадзяніны Беларусі, у тым ліку шесть — прымусова (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаАктыўнасць мігрантаў на мяжы Беларусі і ЕС найбольшая за апошнія дзевяць месяцаў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ЭканомікаДадатнае сальда знешняга гандлю паслугамі сектара ІКТ за пяць месяцаў перавысіла 790 млн долараўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка, Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- АнонсыАнонсы падзей на 13 ліпеня — 30 верасня 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+



