Мінск 16:33

Выдадзены зборнік турэмных эсэ Мікалая Статкевіча

Ілюстрацыя: kamunikat.org

16 ліпеня, Позірк. Зборнік турэмных эсэ былога палітвязня, палітычнагна дзеяча Мікалая Статкевіча выйшаў у выдавецтве “Камунікат” у Беластоку (Польшча). Пра падзею паведаміў у сваім тэлеграм-канале сам аўтар.

“У галоўным тэксце гэтай кнігі “І гэта ўсё ў Табе”, які і даў ёй назву, я мусіў прапанаваць сваё вызначэнне нашых інстынктаў ды іх пералік, — піша ён на апошняй старонцы кнігі. — А потым, на падставе гэтага, апісаць, як мы робім свой маральны выбар у складанай сітуацыі. Спадзяюся, што разуменне гэтага дапаможа чытачу лепей зразумець чалавечую сутнасць, сябе і ўсё, што адбылося і адбываецца з нашай краінай і намі”.

Кошт кнігі, якую можна набыць на старонцы выдавецтва, складае 50 злотых (38 бел. руб.).

Больш за 14 гадоў свайго жыцця Статкевіч правёў у турмах і калоніях за свае палітычныя перакананні, гаворыцца ў прадмове да кнігі на старонцы выдавецтва. Увесь гэты час “ён назіраў людзей у самых экстрэмальных абставінах, калі знікаюць маскі і чалавек застаецца сам-насам са сваім сумленнем”, бачыў, “як адны знаходзяць у сабе сілы заставацца вернымі сваім прынцыпам, другія ламаюцца пад ціскам, а трэція свядома выбіраюць здраду”.

11 верасня 2025 года Мікалай Статкевіч разам з яшчэ 51 вязнем быў выпушчаны на волю ў рамках здзелкі паміж адміністрацыяй прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і Аляксандрам Лукашэнкам. Умовай быў выезд за мяжу. Вызваленых павезлі ў Літву, аднак Статкевіч адмовіўся выконваць умову Лукашэнкі. Некаторы час ён правёў паміж памежнымі пераходамі Каменны Лог (Беларусь) і Мядзінінкай (Літва), пасля чаго вярнуўся на беларускую тэрыторыю. Пасля гэтага доўгі час яго лёс і месцазнаходжанне былі невядомыя (ён быў вернуты ў няволю).

19 лютага 2026 года жонка Статкевіча Марына Адамовіч апублікавала інфармацыю, што яе 69-гадовы муж знаходзіцца дома і аднаўляецца пасля інсульту. Паведамлялася, што пры вызваленні палітыку не вярнулі пашпарт.

20 лютага прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант заявіла, што той прыняў рашэнне вызваліць Статкевіча “на просьбу сваякоў”. “Для пачатку хачу нагадаць, што рашэнне аб памілаванні Мікалая Статкевіча прэзідэнт прыняў ужо даўно”, — сказала яна тады.

Доўгі час у няволі Статкевіч правёў у інфармацыйнай ізаляцыі (інкамунікада), неаднаразова змяшчаўся ў штрафны ізалятар, сама меней паўгода правёў у адзіночнай камеры.

3 сакавіка КДБ прызнаў адным “экстрэмісцкім фарміраваннем” шэраг выдавецкіх структур — “Фонд Kamunikat.org”, Lohvinau Publishing House ды Andrei Yanushkevich Publishing.

У верасні 2025 года сайт электроннай бібліятэкі Kamunikat (выдавецтва і бібліятэка — часткі аднаго праекта) быў унесены ў спіс “экстрэмісцкіх матэрыялаў”, які вядзе Міністэрства інфармацыі.

Kamunikat.org — найбуйнейшая інтэрнэт-бібліятэка беларускай літаратуры з вольным доступам да тысяч кніг (у тым ліку ў аўдыёфармаце), газет і часопісаў. Мае багаты архіў як класічных твораў, так і рэдкіх выданняў беларускай дыяспары.

7 траўня 2026 года сайт бібліятэкі kamunikat.org пацярпеў ад хакерскай атакі.

Падзяліцца: