Мінск 21:36

МУС вядомыя ўсе, хто “за мяжой спекулюе” на тэме работнікаў з Узбекістана, сцвярджае Кубракоў

Архіўнае фота: прэс-служба МУС

16 ліпеня, Позірк. З грамадзянамі Узбекістана, якія прыбылі ў Беларусь, “няма ніякіх праблем” — яны ўсе “зарэгістраваныя, працаўладкаваныя, а бытавыя пытанні, якія ўзнікалі, вырашаныя”, заявіў 16 ліпеня міністр унутраных спраў Іван Кубракоў.

“Супрацоўнікі органаў унутраных спраў пагутарылі з кожным з іх пры рэгістрацыі, давялі асаблівасці нашага заканадаўства. Людзі адклікаюцца вельмі добра”, — цытуе чыноўніка прэс-служба ведамства, якое ён узначальвае.

Разам з тым, паводле яго сцвярджэння, па-за межамі Беларусі маюцца асобы, якія “спрабуюць на гэтай тэме спекуляваць, распаўсюджваць неправераную і непраўдзівую інфармацыю, правакаваць” беларускіх грамадзян. “Хачу адзначыць, што ўсе гэтыя людзі нам вядомыя”, — заявіў Кубракоў.

Паводле яго слоў, МУС пастаўленая задача “забяспечыць працоўную дысцыпліну”: “Не толькі датычна замежных грамадзян, але і ў цэлым на ўсіх прадпрыемствах, асабліва ў сельскай мясцовасці”.

Як паведамлялася, 255 жыхароў Андыжанскай вобласці Узбекістана раней былі “арганізавана накіраваныя і працаўладкаваныя ў Віцебскай вобласці”.

Заяўлялася, што Мінск і Ташкент дамовіліся пра рэалізацыю новых праектаў на базе 11 жывёлагадоўчых комплексаў. Кожны з іх разлічаны на ўтрыманне ад 200 да 3 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы і мае “дастатковыя кармавыя ўгоддзі”.

15 ліпеня ўзбекскія работнікі выказалі незадаволенасць умовамі жыцця і заробкам, паколькі пасля вылікаў на ежу і выдаткі на штодзённыя патрэбы ў іх застанецца каля 200 долараў. Яны прасілі вярнуць іх на радзіму. Аднак 16 ліпеня працоўныя мігранты запісалі новае відэа, у якім сцвярджалася, што спрэчныя пытанні вырашаныя, і яны задаволеныя ўмовамі працы і пражывання, паведамляе “Пресса.uz — Новости Узбекістана”.

Адзін з работнікаў асобна патлумачыў, што ролік быў зняты ў першы дзень пасля прыезду і накіраваны ў закрытую групу, у сацсетках відэа распаўсюдзілася без яго ведама. Мужчына сцвярджае, што цяпер прадстаўнікам Узбекістана прапанавалі іншую працу, падвысілі заробак да 700 долараў і выдзелілі бясплатнае жыллё і харчаванне.

Прыбыццё ў Віцебскую вобласць 5 тыс. работнікаў з Узбекістана анансавала 14 ліпеня прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.

Гаворка пра жыхароў Андыжанскай вобласці, яны пачнуць прыязджаць у Беларусь групамі па 500 чалавек, пачынаючы з верасня. Адзначаецца, што ў рэгіёне “падрыхтуюць неабходныя ўмовы для іх прыёму”.

“Грамадзян Узбекістана плануецца прыцягваць не толькі ў сельскую гаспадарку, але і ў будаўніцтва, прамысловасць, сферу паслуг, для работы ў якасці малодшага медыцынскага персаналу”, — гаворыцца ў паведамленні.

Узбекістан анансаваў адкрыццё ў Віцебску міграцыйнага агенцтва для працаўладкавання суайчыннікаў

15 ліпеня, Позірк. "Пытанні арганізаванага працаўладкавання грамадзян" у Беларусі абмяркоўваліся 15 ліпеня ў Ташкенце на нарадзе з удзелам прэзідэнта Узбекістана Шаўката Мірзіёева, паведамляе яго прэс-служба. Як адзначаецца ў рэлізе, "на першым этапе" ў Беларусі плануецца працаўладкаваць на конкурснай аснове 1.100 …

Агенцтва міграцыі Узбекістана будзе падбіраць кандыдатаў на працу згодна з патрабаваннямі беларускіх наймальнікаў

9 ліпеня, Позірк. Мінск і Ташкент запусцяць "новы механізм арганізаванага працаўладкавання", паведамляе прэс-служба Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Гэта вынікае з падпісанага 9 ліпеня ў Мінску кіраўніком ведамства Андрэем Лабовічам і міністрам замежных спраў азіяцкай дзяржавы Бахціерам Саідавым міжурадавага пагаднення …
Падзяліцца: