Прэм’ера фільма Андрэя Куцілы “Лісты” пра рэпрэсіі ў Беларусі адбудзецца на Венецыянскім міжнародным фестывалі
Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 27 ліпеня 2026 года ў 10:45

26 ліпеня, Позірк. Прэм’ера беларускага фільма “Лісты” (ангельская версія Letters from the Silenced Country) адбудзецца сёлета на Венецыянскім міжнародным фестывалі. Пра гэта “Позірку” паведаміў рэжысёр фільма Андрэй Куціла.
Арганізатары 83-га Венецыянскага міжнароднага кінафестываля ўжо абвясцілі праграму. Венецыянская біенале правядзе фестываль 2–12 верасня.
“З Беларусі — краіны, пра якую мы ведаем вельмі мала — у нас ёсць фільм <…> Андрэя Куцілы, рэжысёра, які быў вымушаны эміграваць па палітычных прычынах”, — сказаў падчас прэзентацыі праграмы мастацкі дырэктар Венецыянскага міжнароднага кінафестывалю Альберта Барбера.
Ён звярнуў увагу на тое, што у фільме закранаецца “надзвычайны гвалт самай працяглай і найбольш адкрытай дыктатуры на еўрапейскім кантыненце, якая без ваганняў звяртаецца да катаванняў і забойстваў сваіх палітычных апанентаў”.
“Лісты” — гэта гісторыя сучаснай Беларусі, расказаная праз гісторыі людзей, якія перажылі зняволенне, рэпрэсіі і выгнанне, — галасы, якія аўтарытарны рэжым прымусіў замаўчаць”, — гаворыцца ў апісанні фільма.
Кожная гісторыя ў фільме раскрывае асобны досвед рэпрэсій. Сярод герояў бацька, які хаваецца ад сачэння, каб пазбегнуць арышту і разлукі з дачкой, былы крымінальны следчы, які ўцякае з Беларусі, студэнтка Кася, асуджаная за ўдзел у пратэстах, якая выжывае дзякуючы маляванню, 50-гадовы Вітольд Ашурак, палітзняволены, які загінуў у турме (яго гісторыя разгортваецца праз фотаздымкі, дасланыя сябрам).
“Мы не разлічвалі, што можам трапіць на такі фестываль. Зараз увогуле нават няма ні хвіліны, бо працуем дзень і ноч. Усе мы ведаем, што ў свеце тры галоўныя кінафестывалі — гэта Канскі, Венецыянскі і Берлінскі. Таму мы маглі пра такое толькі марыць”, — сказаў “Позірку” Андрэй Куціла.
Рэжысёр-дакументаліст адзначыў, што стваральнікі фільма хацелі б, каб “Лісты” пабачылі ў Еўропе і Амерыцы, для гэтага карціну планавалі рабіць сумесна з вядомымі заходнімі тэлеканаламі — нямецкімі Deutsche Welle, ZDF, французска-нямецкім Arte, польскім TVP.
“Мы, беларусы, добра ведаем, што ў нас адбываецца ўнутры. Мы самі адчуваем свой боль. А як дайсці з нашай праблемай далей? Мастацкая форма у пэўным сэнсе пашырае гэтыя магчымасці. Мы думалі, што гэта можа дапамагчы людзям далёка па-за межамі краіны зразумець, што мы перажылі, што мы перажываем і што можа з намі быць у будучыні. І каб пазбавіцца ад гэтага стэрэатыпу, калі нас часта змешваюць з расіянамі ці атаясамліваюць з палітыкай Расіі ці нават палітыкай беларускага рэжыму”, — сказаў творца.
Паводле яго слоў, “у пэўным сэнсе” кіно дапамагае “дакрануцца да звычайных людзей далёка па-за межамі”: “Такі быў разлік. Перш за ўсё рабіць кіно і рабіць стаўку на нейкія мастацкія сродкі, кажучы пра палітычныя тэмы, якія вядуць глыбока да лёсаў людзей”.
Для гэтага, адзначыў рэжысёр, у фільме ёсць героі, якія ствараюць “больш агульны партрэт” і пры гэтым не з’яўляюцца ў кадры. “Мэта была такая, каб уражанне засталося ў гледача, што гэта не індывідуальная гісторыя, не нейкія кроплі, не нейкія галасы, якія далятаюць з-за муроў Беларусі, а гэта гісторыя больш маштабная і, канешне, універсальная. Каб яе змаглі зразумець, людзі ў Польшчы, якія прайшлі праз гэта. У Італіі зразумелі людзі, якія таксама мелі гісторыю з фашызмам, з Мусаліні”, — дадаў Куціла.
Ён перакананы, што фільм змогуць убачыць і людзі ў Беларусі: “Не сёння, канешне, а праз пэўны час, калі скончыцца фестывальная дыстрыбуцыя”.
Паказ фільма плануецца таксама ў Польшчы.
Андрэй Куціла нарадзіўся ў 1983 годзе ў Баранавічах (Брэсцкая вобласць). У 2007 годзе атрымаў ступень па журналістыцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 2009 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Зняў больш за 10 фільмаў, лаурэат шэрагу міжнародных кінапрэмій. Заснавальнік Беларускай незалежнай кінаакадэміі

- ГрамадстваПлошча пажараў у экасістэмах Гомельскай вобласці за апошнія паўтара месяца амаль у 2 разы перавысіла паказчык за ўсё першае паўгоддзеМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- ГрамадстваНасуперак закону шклозавод "Нёман" і Мінбудархітэктуры рэкламуюць алкагольМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Эканоміка
- Палітыка
- ЭканомікаУ ліпені 2026 года найбольш падаражэлі гарачае водазабеспячэнне, авіябілеты і аўтазапчасткі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка


