Мінск 14:45

Лукашэнка назваў “неблагімі” дынаміку і перспектыву стасункаў з ЗША

Ілюстрацыйнае фота: cottonbro studio / pexels.com

28 ліпеня, Позірк. “Неблагімі” назваў дынаміку і перспектывы беларуска-амерыканскіх стасункаў Аляксандр Лукашэнка, апісваючы “сітуацыю, якая зараз складваецца” з ЗША, 28 ліпеня ў Мінску на сустрэчы з пастаянным прадстаўніком Беларусі ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Валянцінам Рыбаковым.

“Я ўсе дакументы, якія ты перадаеш, даслоўна, да коскі чытаю, — цытуе спікера яго прэс-служба. — У мяне склаліся пэўныя ўражанні і меркаванні ў дачыненні да Злучаных Штатаў Амерыкі, іх пажаданняў. Я ўмею чытаць паміж радкоў і справа не ў радках, а справа ў духу таго, як мысліць кіраўніцтва Злучаных Штатаў Амерыкі. Таму, нават калі Джон (спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША па Беларусі Джон Коул. — Позірк.) спрабуе нешта прыхарашыць, гэтага рабіць не трэба, я дасведчаны чалавек і ведаю, як гэта насамрэч”.

Па выніках сваёй апошняй сустрэчы з амерыканскай дэлегацыяй 19 сакавіка ў Мінску Лукашэнка распарадзіўся вызваліць 250 вязняў, з якіх 235 было дазволена застацца на радзіме, а 15 вывезена ў Літву (частка пазней накіравалася ў Польшчу).

Агулам з удзелам Белага дома на волю выйшла больш за 400 чалавек. Узамен ЗША паступова здымаюць санкцыі з рэжыму Лукашэнкі.

Чакалася, што Коул наведае Мінск у траўні, аднак гэтага не адбылося. У чэрвені спецпасланнік Трампа абверг інфармацыю пра тое, што працэс вызвалення беларускіх палітвязняў пад эгідай Вашынгтона прыпынены. Пасля ён даў зразумець, што неўзабаве можа ў чарговы раз прыбыць у Беларусь.

На сустрэчы з Рыбаковым 28 ліпеня Лукашэнка назваў ААН “магутнай арганізацыяй”, у якой “вядома, інтарэс <…> [Беларусі] прысутнічае”.

Раней палітык рэзка крытыкаваў гэтую міжнародную структуру.

Так, 16 лютага на сустрэчы ў Мінску з дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы Сяргеем Глазьевым ён заявіў наступнае: “Мая пазіцыя такая, што Арганізацыя Аб’яднаных Нацый — гэта нішчымная арганізацыя. Ніякіх пытанняў не вырашае і не вырашыць, але іншай няма”.

31 кастрычніка 2024 года на канферэнцыі па еўразійскай бяспецы Лукашэнка адзначыў, што ААН за апошні час не прыняла ніякіх карысных рашэнняў. “І рэфармавацца не хочуць, бо патрэбны кансэнсус, або галасаванне ў ААН на пленарным пасяджэнні, дзе Захад душыць усіх запар: “Санкцыі ўвядзём, долар не дадзім, плацяжоў не будзе”. Каму патрэбная такая арганізацыя?” — запытаўся ён.

24 кастрычніка таго ж года ў Казані на палях саміту БРІКС у інтэрв’ю расійскай газеце “Известия” раскрытыкаваў дзейнасць ААН, заявіўшы, што быў бы не супраць з’яўлення ў свеце арганізацыі-супрацьвагі, каб “ААН заварушылася”.

Лукашэнка выступіў за тое, каб праца ААН “была эфектыўнай, каб Савет Бяспекі вырашаў пытанне, а не проста збіраўся там”, каб пытанні вайны і міру вырашаліся выключна на пляцоўцы арганізацыі.

“Калі ААН вырашыла вайну спыніць — спыніць. Гэта што, маецца? Не. Амерыканцы папракаюць расіян. Ды чаго вы папракаеце? Колькі войнаў вы развязалі і колькі канфліктаў вы сёння вядзеце! І колькі войнаў вы яшчэ маеце намер ажыццявіць”, — сказаў ён.

Падзяліцца: