Мінск 17:15

Урад Грузіі просіць Камітэт ААН па правах чалавека адхіліць скаргу беларускага праваабаронцы Рамана Кісляка на адмову ў прытулку

Раман Кісляк
Фото: архіў Рамана Кісляка

2 жніўня, Позірк. Урад Грузіі просіць Камітэт ААН па правах чалавека адхіліць скаргу беларускага праваабаронцы Рамана Кісляка на адмову ў прытулку.

Кісляк паведаміў “Позірку”, што камітэт даслаў яму каментар грузінскіх уладаў, каб атрымаць тлумачэнні.

Паводле слоў праваабаронцы, улады Грузіі сцвярджаюць, што “старанна вывучылі сітуацыю ў Беларусі”, “была нададзеная належная ўвага характару парушэнняў правоў чалавека”, у судах таксама “ацэньвалі сакрэтную інфармацыю, прадстаўленую Службай дзяржаўнай бяспекі”.

“Акрамя аналізу саміх прычын адмовы ў наданні статусу, суд таксама падрабязна разгледзеў умовы для праваабаронцаў у Беларусі і прыйшоў да высновы, што пагроза, якая ствараецца для [грузінскай] дзяржавы, пераважвае магчымыя парушэнні, з якімі спадар Кісляк можа сутыкнуцца на сваёй радзіме”, — працытаваў ён каментар уладаў Грузіі.

Пры гэтым пагроза бяспецы нібыта “пацвярджаецца надзейнымі доказамі, атрыманымі падчас сакрэтных контрвыведвальных мерапрыемстваў і двойчы разгледжанымі судом”.

Грузінскія ўлады таксама паведамілі камітэту, што вывучылі пагрозы вынясення смяротнага выраку Кісляку ў Беларусі і лічаць, што “такая рызыка не можа быць устаноўленая ў гэтай справе”. Акрамя таго, пакуль ніводнага члена апазіцыі або палітычнага актывіста не прыгаварылі да смерці. На думку ўрада Грузіі, само па сабе існаванне шырока распаўсюджаных парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі “не з’яўляецца дастатковай падставай для высновы, што канкрэтнай асобе пасля вяртання будзе пагражаць небяспека катаванняў”.

“На думку ўрада, я ўяўляю значна большую пагрозу бяспецы Грузіі, чым тую пагрозу, якую Аляксандр Лукашэнка ўяўляе для мяне і іншых беларусаў, што супраціўляюцца дыктатуры”, — пракаментаваў Кісляк заўвагі грузінскіх уладаў.

Паводле слоў Кісляка, ён атрымаў два месяцы, каб прадставіць свае заўвагі па каментары ўрада, і ён гэта зробіць. “Улады Грузіі не разумеюць ці робяць выгляд, што не разумеюць, што адбываецца ў Беларусі. І я планую перадаць матэрыялы, якія паказваюць узровень рэпрэсій, катаванняў і пераследу палітычных апанентаў у нашай краіне”, — заявіў праваабаронца.

16 ліпеня супрацоўнікі Памежнай паліцыі МУС Грузіі прыйшлі дадому да Кісляка і склалі пратакол за нелегальнае знаходжанне ў краіне. У лютым 2024 года ў яго скончыўся тэрмін дзеяння беларускага пашпарта. Новы дакумент немагчыма аформіць у амбасадзе Беларусі ў Грузіі праз дыскрымінацыйны ўказ Аляксандра Лукашэнкі. Прытулку праваабаронцу грузінскія ўлады не даюць.

21 ліпеня ў Дэпартаменце міграцыі МУС Грузіі Кісляку паведамілі, што будуць чакаць пастановы камітэта ААН.

Сёлета ў сакавіку улады Грузіі паўторна дэ-факта адмовілі Кісляку ў прытулку. Тады ён паведаміў “Позірку”, што не мае ніякага статусу: ні просьбіта прытулку, ні “ў працэдуры дэпартацыі”.

Дэпартамент міграцыі не задаволіў першае прашэнне праваабаронцы ў жніўні 2024 года — больш як праз год пасля падачы дакументаў. Кісляк з пераменным поспехам аспрэчваў гэтае рашэнне ў судовым парадку, пакуль у ліпені 2025-га Апеляцыйны суд Тбілісі канчаткова не адхіліў скаргу.

Летась у жніўні праваабаронца накіраваў скаргу на адмову ў наданні прытулку ў Камітэт ААН па правах чалавека, які забараніў Грузіі высылаць яго ў Беларусь да завяршэння працэдуры разгляду.

Больш падрабязнасцяў даступна падпісчыкам “Позірк+”

Гл. таксама:

У другім квартале 2026 года грузінскія ўлады выслалі 16 беларускіх грамадзян — новы рэкорд (падрабязна)

Падзяліцца: