Мінск 19:14

Украіна будзе сачыць за разгортваннем новай беларускай дэсантна-штурмавой брыгады — Дземчанка

Спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка
Архіўнае відэа: медыяцэнтр "Украіна" / стоп-кадр: "Позірк"

3 жніўня, Позірк. Украінскія выведвальныя падраздзяленні “будуць сачыць за тэмпамі разгортвання” на Чарнігаўскім кірунку новай беларускай дэсантна-штурмавой брыгады з мэтай ацэнкі патэнцыйных рызыкаў для бяспекі краіны, заявіў у эфіры нацыянальнага тэлемарафону спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны (ДПСУ) Андрэй Дземчанка.

Паводле яго слоў, пра стварэнне падобнага падраздзялення ў Беларусі заяўлялі яшчэ летась. Прадстаўнік ДПСУ падкрэсліў, што нельга недаацэньваць сітуацыю.

Дземчанка лічыць, што ўсе гэтыя дзеянні Мінска “на руку Крамлю”, бо Беларусь “працягвае знаходзіцца пад уплывам краіны-тэрарысткі Расіі”. Таму, мяркуе ён, для ўкраінскага боку пагроза з боку Беларусі “агулам нікуды не знікае”.

Украіна, падкрэсліў прадстаўнік ДПСУ, умацоўвае абарону на паўночным кірунку “незалежна ад дзеянняў Беларусі”.

Пра тое, што пад Гомелем фармуецца 37-я асобная дэсантна-штурмавая брыгада, у эфіры “ВаенТБ” заявіў камандуючы Сіламі спецыяльных аперацый Аляксандр Ільюкевіч (інтэрв’ю выйшла ў эфір 2 жніўня).

“На сённяшні дзень сфармаваны шэраг вайсковых часцей і падраздзяленняў, — паведаміў военачальнік. — Ужо прызваны асабовы склад, набраныя афіцэры і вядзецца планавая падрыхтоўка да іх выкарыстання паводле прызначэння”.

Паводле слоў камандуючага ССА, у 2027 годзе плануецца перадыслакацыя гэтых падраздзяленняў да месца пастаяннага базавання.

Падзяліцца: