Мінск 19:36

МУС Латвіі прапануе закрыць мяжу з Беларуссю для насельніцтва і грузавога транспарту

Пункт пропуску Патэрніекі
Ілюстрацыйнае фота: vni.lv

3 жніўня, Позірк. Прыпыніць працу пункта пропуску Патэрніекі (з беларускага боку — Грыгароўшчына) прапануе ўраду Латвіі Міністэрства ўнутраных спраў гэтай балтыйскай дзяржавы.

Паводле інфармацыі LSM, калі Кабінет міністраў падтрымае прапанову ведамства, жыхары і грузавы аўтатранспарт больш не змогуць уязджаць у Беларусь з Латвіі.

Праект адпаведнага рашэння перададзены на ўзгадненне, адзначаецца, што Кабінет міністраў “разгледзіць яго ў тэрміновым парадку”.

Закрыццё мяжы МУС аргументавала неабходнасцю “гарантаваць недатыкальнасць дзяржавы, прадухіліць пагрозу грамадскаму парадку, стварыць яшчэ больш спрыяльныя ўмовы для выканання абавязкаў Дзяржаўнай памежнай аховы ды іншых задзейнічаных службаў па прадухіленні незаконнага перасячэння мяжы, а таксама аптымізаваць наяўныя ў распараджэнні памежнай аховы рэсурсы ва ўмовах крызісу”.

Згодна з латвійскім заканадаўствам, пры абвяшчэнні рэжыму ўзмоцненай аховы мяжы Кабінет міністраў мае права ўвесці на ўсёй памежнай тэрыторыі або яе частцы адну ці некалькі мер, у тым ліку прадугледзець поўнае або частковае прыпыненне працы канкрэтных пунктаў пропуску.

МУС адзначае, што Беларусь працяглы час “працягвае дапускаць і заахвочваць некантраляванае незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы трэцімі асобамі”, тым самым “свядома ствараючы пагрозу бяспецы” Латвіі. Гэта выяўляецца ў тым ліку ў “неабгрунтаваным стварэнні адміністрацыйнай нагрузкі на дзяржаўныя рэсурсы”.

Пра закрыццё мяжы з Беларуссю “з тэхнічных прычын” міністр унутраных спраў Латвіі Яніс Домбрава заявіў увечары 31 ліпеня. З тае пары не было інфармацыі пра аднаўленне працы адзінага дзейнага пункта пропуску з латвійскага боку.

30 ліпеня Домбрава заклікаў суайчыннікаў устрымацца ад паездак у Беларусь. Прычынай гэтага міністр назваў разгорнутую Беларуссю міграцыйную гібрыдную вайну, калі з яе тэрыторыі ў Латвію рэгулярна спрабуюць трапіць нелегальныя мігранты з краін Азіі і Афрыкі. У такіх умовах, паводле слоў кіраўніка ведамства, “бяспечнае перамяшчэнне паміж краінамі можа стаць ускладненым”.

Беларускае Міністэрства замежных спраў 3 жніўня заявіла пра магчымасць здзейсніць у дачыненні да Латвіі “дзеянні ў адказ”, у тым ліку “несіметрычнага характару”, у сувязі з закрыццём латвійскім бокам адзінага дзейнага пункта пропуску на мяжы з Беларуссю.

Як паведамляў Позірк, у ліпені 2026 года Латвія зарэгістравала 2.275 спробаў парушэння мяжы мігрантамі, якія спрабавалі трапіць у Еўрасаюз праз Беларусь (Літва — 163, Польшча — 106).

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС цягнецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Падзяліцца: