Статкевіч лічыць, что яго інсульт у няволі быў выкліканы адмоваю ў неабходных леках

6 жніўня, Позірк. На думку былога палітвязня Мікалая Статкевіча, інсульт, які ён перанёс у зняволенні, быў “штучна выкліканы” адмоваю ў неабходных леках. Палітычны дзеяч выказаўся на гэты конт у інтэрв’ю нямецкай газеце Die Zeit, пераклад якога апублікаваў у сваім тэлеграм-канале.
Паводле слоў Статкевіча, інсульт ён перанёс сёлета ў студзені ў калоніі, а праз месяц быў выпушчаны на волю.
“Думаю, рэжым не хацеў несці адказнасць за тое, што я памру ў заключэнні. Хоць гэты інсульт быў выкліканы штучна: мне адмовілі ў жыццёва неабходных леках”, — адзначыў ён.
Экс-палітвязень паведаміў, што пасля вяртання ў калонію летась у верасні яму перасталі выдаваць лекі, неабходныя пасля перанесенага COVID-19, і пры арытміі, якія дасылала жонка. Замест гэтых медыкаментаў, паводле яго слоў, давалі аспірын. Ён таксама сцвярджае, што ўрачы турэмнага шпіталя пазней сказалі яму, што менавіта гэта магло прывесці да інсульту.
Летась у верасні палітычнага дзеяча, паводле яго слоў, разам з іншымі палітвязнямі даставілі да беларускай мяжы з Літвой, аднак ён адмовіўся пакідаць краіну. “Я хачу сам вырашаць, дзе мне жыць. Нават калі гэта азначае турму”, — адзначыў Статкевіч.
Пасля адмовы выехаць яго вярнулі ў калонію, дзе ўмовы ўтрымання пагоршыліся, паведаміў ён.
Статкевіч заявіў, што не ведае свайго цяперашняга прававога статусу. Паводле яго слоў, пасля вызвалення дзяржаўныя СМІ паведамілі пра яго памілаванне, аднак на свае афіцыйныя запыты ён адказу не атрымаў.
Дзеяч паведаміў, што не збіраецца пакідаць Беларусь, нягледзячы на прапановы лячэння за мяжой. “Для мяне немагчыма пакінуць краіну. Гэта было б усё роўна што кінуць мільёны беларусаў, якія да гэтага часу тут жывуць”, — сказаў Статкевіч.
Кажучы пра сітуацыю ў краіне, экс-палітвязень заявіў, што беларускія ўлады працягваюць маштабныя рэпрэсіі, бо, на яго думку, баяцца новых пратэстаў. Пры гэтым ён выказаў меркаванне, што магчымыя будучыя масавыя выступленні “ўжо не будуць такімі мірнымі, як у 2020 годзе”.
“Людзі яшчэ больш ненавідзяць дыктатара, і ён гэта адчувае. Думаю, па начах [Аляксандр] Лукашэнка спіць горш, чым я”, — лічыць ён.
На пытанне пра палітыку Захаду ў дачыненні да Лукашэнкі Статкевіч адказаў, што, на яго думку, Еўрапейскі саюз “нарэшце выпрацаваў рацыянальную палітыку” ў дачыненні да беларускіх ўладаў.
У той жа час ён выказаўся супраць ізаляцыі беларускага грамадства. “Людзі павінны мець магчымасць бачыць нешта апрача Беларусі і Расіі і наведваць сваіх сваякоў у ЕС”, — сказаў палітык.
На пытанне пра санкцыйную палітыку ў дачыненні беларускіх уладаў Статкевіч прамога адказу не даў, пажартаваўшы: “Думаю, гэта пытанне да майго хатняга юрыста. Марына (Адамовіч, жонка палітычнага дзеяча. — “Позірк”.), колькі цяпер даюць за заклік да санкцый?”
11 верасня 2025 года Статкевіч разам з яшчэ 51 вязнем быў выпушчаны на волю ў рамках здзелкі паміж адміністрацыяй прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і Аляксандрам Лукашэнкам. Умовай быў выезд за мяжу. Вызваленых павезлі ў Літву, аднак Статкевіч адмовіўся выконваць умову Лукашэнкі. Некаторы час ён правёў паміж памежнымі пераходамі Каменны Лог (Беларусь) і Мядзінінкай (Літва), пасля чаго вярнуўся на беларускую тэрыторыю. Затым доўгі час яго лёс быў невядомы.
19 лютага 2026 года жонка Статкевіча Марына Адамовіч апублікавала інфармацыю, што яе 69-гадовы муж знаходзіцца дома і аднаўляецца пасля інсульту.
20 лютага прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант заявіла, што той прыняў рашэнне вызваліць Статкевіча “на просьбу сваякоў”. “Для пачатку хачу нагадаць, што рашэнне аб памілаванні Мікалая Статкевіча прэзідэнт прыняў ужо даўно”, — сказала яна тады.
Доўгі час у няволі Статкевіч правёў у інфармацыйнай ізаляцыі (інкамунікада), неаднаразова змяшчаўся ў штрафны ізалятар, сама меней паўгода правёў у адзіночнай камеры.

- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- ПалітыкаУ першай палове 2026 года Грузія дала прытулак аднаму замежніку, беларусы атрымалі чатыры адмовы (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- ГрамадстваШтогод афтальмолагі прымаюць у паліклініках больш за 2,5 млн пацыентаў — пазаштатны спецыяліст МінздароўяМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства

