Мінск 00:07

Беларусь закрывае амбасаду ў Фінляндыі

Амбасадар Аляксей Самасуеў уручае даверчыя граматы прэзідэнту Фінляндыі Саўлі Ніінісцё (25 кастрычніка 2018 года)
Крыніца: сайт амбасады Беларусі ў Фінляндыі / скрыншот: "Позірк"

20 жніўня, Позірк. Мінск збіраецца закрыць амбасаду ў Хельсінкі, вынікае з запісу ў Нацыянальным рэестры прававых актаў, дзе зарэгістраваная пастанова ўрада ад 20 жніўня № 424 “Аб закрыцці пасольства Рэспублікі Беларусь у Фінляндскай Рэспубліцы“.

Тэкст нарматыўна-прававога акта пакуль не апублікаваны. Прэс-служба ўрада таксама не паведамляла пра рашэнне.

Дыпламатычныя стасункі паміж краінамі былі ўстаноўленыя 26 лютага 1992 года. 1 кастрычніка 2010-га ў Мінску было адкрыта аддзяленне амбасады Фінляндыі ў Літве. Дыппрадстаўніцтва Беларусі ў Хельсінкі пачало функцыянаваць 5 снежня 2011-га.

З інфармацыі на сайце дыпмісіі вынікае, што яе мандат таксама распаўсюджваецца на Данію. З 2018 па 2024 год амбасадарам з’яўляўся Аляксей Самасуеў. Новы амбасадар прызначаны не быў.

3 ліпеня 2026 года на сайце дыпмісіі з’явілася паведамленне аб “часовым прыпыненні працы“. Падрабязнасці не прыводзіліся.

“Са жніўня <…> прапануем звяртацца па консульскіх пытаннях у іншыя замежныя ўстановы Беларусі, у прыватнасці, у Генеральнае консульства <…> у г. Даўгаўпілсе або ў амбасаду ў г. Стакгольме“, — гаварылася ў рэлізе.

Цяпер на сайце ўстановы няма інфармацыі аб кантактных асобах.

Публікацыя інфармацыі аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве паміж краінамі спыналіся ў 2022 годзе, як і ўсёй краінавай статыстыкі знешняга гандлю Белрусі. Пры гэтым на сайце прыводзіцца гісторыя палітычнага ўзаемадзеяння Мінска з Хельсінкі да 2021 года, згадваюцца ўзаемныя візіты на высокім узроўні.

Сайт амбасады адзначае, што “міждзяржаўныя стасункі Рэспублікі Беларусь і Фінляндскай Рэспублікі выстройваюцца на ўзаемна паважнай і ўзаемавыгаднай аснове, якая характарызуецца адсутнасцю якіх-небудзь праблем і супярэчнасцяў ” (цытата прыведзеная ў арыгінале).

Фінляндыя, будучы членам Еўрапейскага саюза, не прызнае Аляксандра Лукашэнку легітымным прэзідэнтам Беларусі. ЕС увёў у дачыненні да прадстаўнікоў яго рэжыму санкцыі.

Афіцыйны Хельсінкі паслядоўна падтрымлівае беларускія дэмакратычныя сілы. Фінляндыя — адна з краін, якія вырашылі зрабіць унёсак у Міжнародны гуманітарны фонд дапамогі беларускім палітвязням.

Віншаванне “сябрам у Фінляндыі” з Днём незалежнасці гэтай краіны адрасавала 6 снежня 2025 года беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская. Раней у гэты дзень народ краіны павіншаваў Лукашэнка.

Як паведамляецца на сайце Міністэрства замежных спраў, на сёння беларускія дыпламатычныя і консульскія прадстаўніцтвы (усяго 27 замежных устаноў) дзейнічаюць у 21 краіне Еўропы. Шэраг з іх акрэдытаваныя на суседнія дзяржавы па сумяшчальніцтве.

“Аптымізацыя сеткі беларускіх замежных устаноў” праводзіцца з красавіка 2021 года. Пры гэтым павялічваецца колькасць генеральных консульстваў краіны ў Расіі.

Восенню 2023 года Мінск закрыў амбасаду ў Славакіі. Апошнім амбасадарам быў Ігар Ляшчэня, які падаў у адстаўку ў жніўні 2020-га. Тады дыпламат, былы памочнік Лукашэнкі, выступіў у падтрымку беларусаў, якія выйшлі на мірныя пратэсты пасля выбараў прэзідэнта.

Аднак пасля перамогі ў тым жа годзе на парламенцкіх выбарах у Славакіі партыі “Напрамак — сацыяльная дэмакратыя” на чале з Робертам Фіца (цяпер прэм’ер-міністр, адрозніваецца прарасійскімі поглядамі, кантактуе з уладамі Беларусі і РФ) Мінск прыняў рашэнне аб аднаўленні дыпламатычнай прысутнасці ў гэтай краіне.

Амбасадарам у Славакіі па сумяшчальніцтве ў кастрычніку 2024 года быў прызначаны Андрэй Дапкюнас, амбасадар Беларусі ў Аўстрыі і пастаянны прадстаўнік краіны пры АБСЕ і міжнародных арганізацыях у Вене. Ён уручыў даверчыя граматы прэзідэнту Славакіі ў студзені 2025-га.

3 лістапада 2025-га прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын падпісаў пастанову ўрада аб адкрыцці да 1 верасня 2026 года амбасады ў Браціславе.

У сакавіку 2026 года новым амбасадара Беларусі ў Славакіі быў прызначаны Ігар Фісенка.

Падзяліцца: