Мінск 15:16

Лукашэнка даручыў узмацніць фізічную падрыхтоўку ў школах, якую фармальна ўжо ўзмацнілі

Ілюстрацыйнае фота на сайце СШ № 67 у Гомелі

3 верасня, Позірк. Узмацніць фізічную падрыхтоўку ў школах даручыў Аляксандр Лукашэнка 3 верасня ў Мінску на сустрэчы з міністрам адукацыі Андрэем Іванцом.

“Школа пакуль у фізічным плане недапрацоўвае, — цытуе спікера яго прэс-служба. — Гэта мне і вайскоўцы кажуць, што кантынгент (тыя, хто прыходзіць у армію) хоць палепшыўся, але ненамнога. Трэба нам неяк нашу моладзь, асабліва дзяцей школьнага ўзросту, добра страсянуць і ў фізічным плане”.

Лукашэнка таксама выказаўся пра харчаванне ў школах: “Мы дамаўляліся, што трэба зрабіць так, каб мы больш не перажывалі за харчаванне, не абмяркоўвалі на ўзроўні прэзідэнта. Такая задача перад урадам, вамі была пастаўленая”.

“Я гляджу, мы ўвесь час развіваемся ў тым кірунку, што як бы тут дзецям прапанаваць амаль рэстараннае або яшчэ нейкае меню, — сказаў ён. — Дзяцей трэба проста ў абед нармальна накарміць. Бульбы ў нас хапае, мяса, малака ў нас хапае. Таму сасіскі, каўбасы і гэтак далей. Нешта такое, каб дзеці маглі нармальна паесці”.

Спікер выказаў меркаванне, што “некаторыя сем’і асабліва за харчаваннем дзяцей не сочаць”, таму “тое, што яны атрымаюць у школе, — нармальны абед — гэта для дзяцей будзе прымальна і будзе спрыяць іх нармальнаму здароўю і развіццю”.

На прэс-канферэнцыі 18 жніўня намеснік міністра адукацыі Уладзімір Далжанкаў назваў школьнае харчаванне “не абавязковай працэдурай”. Так ён адказаў на пытанне, ці можна адмовіцца ад харчавання ў школе або харчавацца там нерэгулярна. Паводле слоў чыноўніка, бацька, маці або іншы законны прадстаўнік дзіцяці мае права “не адмовіцца, а не пазначыць дзіця ў якасці таго, хто харчуецца”.

На падставе рашэння ўрада 1 верасня 2026 года харчаванне ў школах падаражэла на 5%. Штогод кошт будзе расці “аўтаматычна з улікам змены рознічных цэн на прадукты харчавання”.

На згаданай прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Мінадукацыі Ірына Каржова падкрэсліла, што ў школах з новага навучальнага года пытанням фізічнага выхавання навучэнцаў нададуць вялікую ўвагу.

Паводле слоў чыноўніцы, трэці ўрок фізкультуры на тыдні, уведзены ў мінулым навучальным годзе, будзе выкарыстоўвацца не для спартыўных гульняў, як гэта было раней, а для падрыхтоўкі да здачы нарматываў, прадугледжаных навучальнай праграмай.

На 1 верасня 2026 года ў Беларусі функцыянавала 3,5 тыс. устаноў дашкольнай адукацыі (дзіцячыя сады, яслі), куды прыйшло 300 тыс. выхаванцаў. Працуе 2,6 тыс. школ, дзе навучаецца 1 млн 25 тыс. школьнікаў, у тым ліку 87,5 тыс. першакласнікаў.

Падзяліцца: