Мінск 15:56

У рамках праверкі баявой гатоўнасці МУС адпрацуе сцэнарый прарыву беларускай мяжы на пазадарожніках

Ілюстрацыйнае фота: Amber Kipp / unsplash.com

3 верасня, Позірк. Па выніках “маштабнай праверкі” будзе ацэненая гатоўнасць сілавікоў “да дзеянняў у асаблівых умовах”, яе мэта — “выяўленне праблемных зон”, заявіў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў на нарадзе ў сувязі з праверкай баявой гатоўнасці, якая ў першую чаргу закранула 7-ю асобную спецыяльную міліцэйскую брыгаду ўнутраных войскаў (УВ) МУС.

Паводле інфармацыі прэс-службы ведамства, намеснік міністра — камандуючы УВ МУС Мікалай Карпянкоў паведаміў, што ў рамках праверкі “адпрацоўваецца шэраг уводных на тэрыторыі Віцебшчыны”.

Адзін сцэнарый такі: у Лёзне і Дуброўне “шукаюць невядомых з заплечнікамі, якія пакінулі прадметы на пуцях”. У іх пошуку задзейнічаныя групы спецпрызначэння УВ “Віцязь” і “Рысь”. Асноўныя намаганні сканцэнтраваныя на “абследаванні чыгуначнага палатна і прылеглай тэрыторыі з БПЛА, пешымі і мабільнымі нарадамі”.

Яшчэ адна ўводная “ўтрымлівае інфармацыю пра зламыснікаў, якія перасоўваюцца на двух аўтамабілях падвышанай праходнасці без апазнавальных знакаў”. Паводле сцэнарыю, “маюцца звесткі, што яны маюць намер здзейсніць прарыў дзяржаўнай мяжы”.

Адзначаецца, што 7-й спецбрыгадзе давядзецца дзейнічаць “і паводле іншых сцэнарыяў ускладнення аператыўнай абстаноўкі”.

Кіраўніцтву УУС Віцебскага аблвыканкама даручана ўзмацніць нарады Дзяржаўтаінспекцыі, “максімальна выкарыстоўваць, а ў некаторых населеных пунктах і нарасціць” магчымасці камер Рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі.

Пасля нарады Кубракоў, як паведамляецца, накіраваўся інспектаваць вайсковыя часці Віцебскай вобласці і правяраць выкананне задач, што паставіў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускія ўлады і прапаганда неаднаразова запалохвалі насельніцтва планамі нядобразычліўцаў прарваць мяжу на пазадарожніках.

Напрыклад, ведамствы і дзяржаўныя СМІ сцвярджалі, што 20 сакавіка 2017 года каля 1:45 у пункце пропуску Аляксандраўка на мяжы з Украінай “адбыўся несанкцыянаваны ўезд аўтамабіля маркі “Джып” на тэрыторыю Беларусі, які, не спыняючыся, праехаў праз КПП, пашкодзіўшы два шлагбаумы”.

Алег Слабадзян, які тады быў спікерам Дзяржаўнай памежнай службы Украіны, заявіў, што аўтамабіль быў на беларускіх нумарах, а таксама тое, што сумежны з Аляксандраўкай украінскі пункт пропуску Вільча машына не праходзіла.

21 сакавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі затрымалі “дзясяткі баевікоў”, якія “трэніраваліся ў лагерах са зброяй” ва Украіне, Літве і Польшчы, а фінансаванне ішло праз Германію. Гэта стала пачаткам “справы “Белага легіёна”, калі сілавікі арыштавалі больш за 30 былых членаў гэтай даўно няіснай спартыўна-патрыятычнай арганізацыі, а таксама актывістаў клуба “Ваяр” і кнігагандляроў.

Справа з прарывам мяжы ў выніку заціхла.

Адметна, што ўся гэтая сітуацыя адбылася ў разгар “дармаедскіх пратэстаў” у Беларусі, калі людзі масава выказвалі незадаволенасць дэкрэтам № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”.

У 2021 годзе дзяржаўныя СМІ заявілі, што фігуранты так званай справы “аб захопе ўлады” (Аляксандр Фядута, Юрый Зянковіч, Рыгор Кастусёў) планавалі выкарыстаць “150 пазадарожнікаў з буйнакалібернымі кулямётамі”, якія нібыта меліся ўехаць у Беларусь з тэрыторыі Літвы і “расстраляць прэзідэнта”. Лукашэнка таксама сцвярджаў, што ў падрыхтоўцы замаху на яго нібыта ўдзельнічалі амерыканскія спецслужбы.

Падзяліцца: