Мінск 19:39

Латвія з 2027 года можа забараніць рэгулярныя аўтобусныя зносіны з Беларуссю

Ілюстрацыйнае фота: Mareks Steins / unsplash.com

7 верасня, Позірк. Латвія з пачатку 2027 года можа цалкам забараніць рэгулярныя аўтобусныя перавозкі ў Беларусь і Расію, паведаміў партал tv3.lv са спасылкай на Міністэрства зносін балтыйскай дзяржавы.

Адзначаецца, што ведамства падрыхтавала і ўнесла ва ўрад адпаведныя папраўкі ў закон аб аўтамабільных перавозках. Яны прадугледжваюць забарону не толькі нерэгулярных, але і рэгулярных аўтобусных зносін з Беларуссю і РФ, уключаючы транзітныя маршруты праз тэрыторыю Латвіі.

Пры гэтым чакаецца, што тэрмін дзеючага да 31 кастрычніка абмежавання на перасячэнне мяжы з Беларуссю і Расіяй аўтобусамі нерэгулярных рэйсаў неўзабаве будзе падоўжаны.

Згодна з распараджэннем міністэрства, нерэгулярным перавозчыкам ужо амаль год забаронена перасякаць мяжу ў пунктах пропуску Патэрніекі (з беларускага боку — Грыгароўшчына), а таксама Грабнёва і Церахава (на мяжы з РФ). Забарона распаўсюджваецца на ўсіх перавозчыкаў, незалежна ад юрыдычнай асобы і краіны рэгістрацыі транспартнага сродку.

У Міністэрстве зносін заявілі, што працягнуць ацэньваць сітуацыю з пункту гледжання бяспекі, эканамічных наступстваў і міжнародных абавязацельстваў, адначасова шукаючы ўзгодненае рашэнне на ўзроўні краін Балтыі і Еўрапейскага саюза.

Пры гэтым ведамства адзначае, што нават пасля абмежавання аўтобусных зносін пасажыры змогуць карыстацца маршрутамі з перасадкамі праз Літву і Эстонію, а таксама паслугамі мікрааўтобусаў, якія не падпадаюць пад дзеючыя правілы рэгулявання аўтобусных перавозак.

Латвія ў апошнія месяцы з’яўляецца асноўнай краінай прызначэння нелегальных мігрантаў, якія імкнуцца трапіць з Беларусі ў суседнія краіны ЕС. У жніўні на яе прыпала 1.345 з 1.741 спробы (77,3%) зафіксаваных суседнімі з Беларуссю краінамі ЕС парушэнняў мяжы. У ліпені такіх спробаў на латвійскім кірунку было 2.275, гэта значыць у 1,7 раза больш.

2 верасня Дзяржаўная памежная ахова Латвіі паведаміла аб падаўжэнні Кабінетам міністрам да 1 кастрычніка аперацыі VILKATIS (с латышскага “Пярэварацень”) па барацьбе з нелегальнай міграцыяй на мяжы з Беларуссю.

Падзяліцца: