Мінск 15:38

Бяляцкі і Коўл сустрэліся ў Вашынгтоне

Фота: "Вясна"

9 верасня, Позірк. Кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна”, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, былы палітвязень Алесь Бяляцкі сустрэўся са спецпасланнікам прэзідэнта ЗША па Беларусі Джонам Коўлам.

Як паведамляе “Вясна”, сустрэча адбылася 8 верасня ў Вашынгтоне (ЗША).

Паводле слоў Бяляцкага, сустрэча прайшла “ў цёплай атмасферы”. Іншыя падрабязнасці не прыводзяцца.

Раней 9 верасня вашынгтонскі карэспандэнт “Радыё Свабодная Еўропа / Радыё Свабода” Алекс Раўфоглу са спасылкай на дзве крыніцы паведаміў, што Коўл плануе зноў прыехаць у Беларусь 14 верасня.

Паводле звестак журналіста, Коўл дамагаецца чарговага вызвалення зняволеных. Як сцвярджаюць крыніцы, у размовах з людзьмі са свайго атачэння спецпрадстаўнік паведамляў, што дапамог вызваліць 700–800 чалавек і спадзяецца давесці гэты лік да 1.000.

Гэта супадае з заявамі самога Коўла, які 29 жніўня ў інтэрв’ю “Голасу Амерыкі” заяўляў, што праз пару тыдняў паедзе ў Мінск, дзе плануе вызваліць яшчэ 200–300 палітвязняў.

Апошні раз Коўл быў у Мінску ў сакавіку. Вынікам стала вызваленне 250 палітвязняў, з якіх толькі 15 было выслана за мяжу, як гэта было з усімі астатнімі, каго выпускалі па выніках перамоваў з Вашынгтонам (за выключэннем Мікалая Статкевіча). Узамен ЗША адмянілі некаторыя санкцыі ў дачыненні да Беларусі.

Бяляцкі быў вызвалены ў выніку перамоваў прадстаўнікоў адміністрацыі прэзідэнта ЗША з Аляксандрам Лукашэнкам 13 снежня 2025 года і вывезены ў Літву.

Падзяліцца: