Мінск 15:31

Вячорка спадзяецца на выпрацоўку ў найбліжэйшы тыдзень крокаў па вырашэнні праблем беларусаў ва Украіне

Видео в телеграм-канале Тихановской, фото: "Позірк", Yehor Milohrodskyi / стоп-кадр, коллаж: "Позірк"

19 верасня, Позірк. Спадзеў на тое, што ў найбліжэйшы тыдзень будуць выпрацаваныя крокі па вырашэнні праблем беларусаў ва Украіне, выказаў галоўны дарадца дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка, які бярэ ўдзел у V Форуме Астрожскіх 18–19 верасня ў Кіеве.

Паводле яго слоў, “многае ўпіраецца ў праблему легалізацыі”, беларусы, якія жывуць ва Украіне, не могуць атрымаць дакументы: “Пашпарты заканчваюцца, няма сістэмы, механізмаў, як гэтыя праблемы ўсе павырашаць”.

“Але сёння адбыліся размовы з прадстаўнікамі ўкраінскай улады, — адзначыў Вячорка (на падставе відэазапісу ў тэлеграм-канале Ціханоўскай). — Мы спадзяемся, што ўжо ў бліжэйшы тыдзень мы зможам знайсці нейкую дарожную карту, нейкія наступныя крокі. У прыватнасці, гаварылася пра рабочую групу па вырашэнні праблем беларусаў ва Украіне — гаварылі пра гэта з прадстаўніком Офіса прэзідэнта Зяленскага, а з дэпутатамі Вярхоўнай рады абмяркоўвалі законапраекты, якія павінны быць прынятыя ў Вярхоўнай радзе, каб разблакаваць рахункі беларусам і спрасціць працэдуру легалізацыі, таму што, натуральным чынам, беларусы не могуць вярнуцца дадому”.

Галоўны дарадца Ціханоўскай адзначыў, што ў форуме ўдзельнічаюць “дарадца прэзідэнта [Уладзіміра] Зяленскага, прадстаўнікі МЗС Украіны, Вярхоўнай рады, беларускія актывісты, журналісты, эксперты”, а таксама “беларускія ветэраны, дабраахвотнікі, культурныя дзеячы”.

“Цэлы шэраг пытанняў [абмяркоўваецца], — паведаміў ён. — Безумоўна, за апошні год многае змянілася ў нашых адносінах з Украінай. Гэта і сустрэча [Ціханоўскай] з прэзідэнтам Зяленскім у Вільні, гэта візіт Святланы Ціханоўскай [ва Украіну], гэта потым ультыматум Зяленскага [Аляксандру Лукашэнку]. Абмяркоўвалі, як яшчэ можна напоўніць беларуска-украінскую супрацу; як дапамагчы беларускім студэнтам, якія тут навучаюцца альбо хочуць навучацца; як мацаваць інфармацыйную супрацу, каб супрацьстаяць “русскому миру”; як пашыраць культурныя ініцыятывы, якія ўжо ёсць — у розных гарадах Украіны беларусы ўдзельніцаюць і робяць, але як ім можна дапамагчы”.

“Я думаю, што ўсе гэтыя аспекты нашых адносінаў трэба тут абмеркаваць, таму што сапраўды год таму многае было немагчыма. Зараз, калі з’явіліся нейкія кантакты з Украінай, многія рэчы можна будзе, мы спадзяемся, вырашыць”, — дадаў Вячорка.

Падзяліцца: