Мінск 12:41

Ніводная краіна ЕС не можа ўдзельнічаць у калійнай здзелцы ЗША з Беларуссю — кіраўнік МЗС Літвы

Кіраўнік МЗС Літвы Кястуціс Будрыс
Архіўнае відэа: медыяслужба Еўракамісіі / стоп-кадр: "Позірк"

22 верасня, Позірк. Ніводная дзяржава Еўрапейскага саюза “не можа быць часткай пагаднення, якое ўзгадняе ЗША, аб імпарце беларускіх угнаенняў”, заявіў літоўскаму грамадскаму вяшчальніку LRT 22 верасня ў Нью-Ёрку міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс.

“Тое, што адбываецца паміж ЗША і Беларуссю, — гэта двухбаковыя стасункі, — падкрэсліў чыноўнік. — Тое, якія санкцыі здымаюць ЗША, наўпрост не звязана з дзеяннямі Еўрапейскага саюза і яго санкцыйнай палітыкай. Таму мы разглядаем гэтую заяву [амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа пра калійную здзелку з Беларуссю] як пытанне двухбаковых стасункаў, якое нас наўпрост не закранае”.

Паводле слоў кіраўніка літоўскай дыпламатыі, ён праінфармаваў афіцыйных асоб ЗША пра тое, што дзейны рэжым санкцый Еўрасаюза забараняе аб’яднанню не толькі імпартаваць беларускія ўгнаенні, але і ствараць умовы для іх транзіту па тэрыторыі дзяржаў — членаў ЕС.

“Не мае значэння, хто ёсць уладальнікам калійных угнаенняў, якія кампаніі іх адпраўляюць і ў якой краіне яны зарэгістраваныя. Калійныя ўгнаенні, здабытыя ў Беларусі, не могуць апынуцца на тэрыторыі ЕС”, — падкрэсліў Будрыс.

На пытанне пра патэнцыйны ціск ЗША на Літву або ЕС, каб дамагчыся перагляду санкцый, міністр адказаў, што прычыны ўвядзення абмежаванняў супраць Беларусі — парушэнні правоў чалавека, задушэнне апазіцыі, падтрымка Расіі — не змяніліся. Такім чынам, “няма падстаў казаць пра перагляд санкцый”.

Будрыс падкрэсліў, што дагэтуль усе спробы ЗША змякчыць стасункі з Беларуссю заканчваліся “толькі больш агрэсіўнымі паводзінамі Мінска на мяжы з краінамі НАТО”.

Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў размове з LRT у Нью-Ёрку назвала экспарт калійных угнаенняў галоўнай крыніцай даходаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. “Гэтыя грошы будуць выкарыстоўвацца для рэпрэсій і падтрымкі Расіі ў вайне, — перакананая яна. — Беларусь ужо цяпер зарабляе шмат грошай на крыві ўкраінцаў, бо каля 600 беларускіх прадпрыемстваў забяспечваюць расійскую ваенную машыну”.

Разам з тым палітык адзначыла, што амерыканцы “не наіўныя і ведаюць, з кім маюць справу”: “Магчыма, прэзідэнт Трамп ведае, што ён робіць”.

21 верасня Трамп напісаў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Truth Social, што Злучаныя Штаты Амерыкі “працуюць над буйной здзелкай па закупцы калійных угнаенняў у Беларусі”. “Цана будзе істотна ніжэйшая за тую, якую мы цяпер плацім Канадзе, — гэта вельмі добрая навіна для нашых фермераў і ўладальнікаў ранча. Дзякую за ўвагу да гэтага пытання!” — адзначыў палітык.

Раней у той дзень Лукашэнка на сустрэчы са старшынёй Дзяржаўнага мытнага камітэта Уладзімірам Арлоўскім заявіў, што Мінск не можа паставіць у ЗША вялікіх аб’ёмаў калійных угнаенняў, бо вырабленая прадукцыя ўжо звязаная кантрактамі на гэты год з іншымі краінамі.

11 верасня Лукашэнка паведаміў пра нібыта пастаўку беларускіх калійных угнаенняў Вашынгтону, якая цяпер адбываецца: “Цяпер грузім калій — прадаём Злучаным Штатам Амерыкі. <…> Вось у нас вызвалілася. Мы ж закантрактавалі іх (угнаенні. — “Позірк”.) на гэты год, на наступны год разгледзім. Цяпер з’явілася магчымасць судна загрузіць (заўтра дакладна скончым загрузку) — забірайце”.

15 верасня ён прыняў у Мінску спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША па Беларусі Джона Коўла. У афіцыйных рэлізах тэма не ўздымалася.

Аднак у апублікаваным на наступны дзень інтэрв’ю The New York Times ад 16 верасня Коўл заявіў: “Здзелка па калійных угнаеннях знаходзіцца ў вельмі добрым стане, каб забяспечыць іх пастаўкі з Беларусі ў ЗША — менавіта гэтага хоча прэзідэнт Трамп. Сёння я сустрэўся з прэзідэнтам Літвы, а заўтра сустрэнуся з прэзідэнтам Латвіі, каб дамагчыся ўзгодненай пазіцыі ўсіх бакоў”.

16–17 верасня прадстаўнік Штатаў сустрэўся з прэм’ер-міністрамі Літвы і Латвіі, а таксама літоўскім прэзідэнтам. У афіцыйных паведамленнях тэма транзіту калію не фігуравала.

Сёлета ў сакавіку па выніках візіту Коўла ЗША скасавалі санкцыі ў дачыненні да беларускіх калійных угнаенняў. Пры гэтым іх пастаўка праз порт Клайпеды (Літва) немагчымая ў сувязі з санкцыямі Еўрапейскага саюза.

У Самаркандзе дэпутат Шпакоўскі звязаў правы чалавека з санкцыямі і паскардзіўся на закрыты для беларускага калію порт Клайпеды

5 верасня, Позірк. Пра праблему доступу да мора ў кантэксце правоў чалавека выказаўся член камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Аляксандр Шпакоўскі 5 верасня на 12-й глабальнай канферэнцыі маладых парламентарыяў Міжпарламенцкага саюза ў Самаркандзе (Узбекістан). "Я хацеў бы нагадаць вам …
Падзяліцца: