Мінск 11:43

Мінабароны анансавала штогадовыя заняткі чыноўнікаў па мабілізацыйнай гатоўнасці

Архіўнае фота: mlyn.by

29 верасня, Позірк. Аб правядзенні з 29 верасня па 2 кастрычніка пад кіраўніцтвам старшыняў абласных выканаўчых камітэтаў штогадовых заняткаў па мабілізацыйнай гатоўнасці паведаміла Міністэрства абароны.

Мэтай заняткаў названа “ўдасканаленне зладжанасці дзеянняў работнікаў мясцовых органаў кіравання і арганізацый падчас фармавання тэрытарыяльных войскаў і атрадаў народнага апалчэння”.

Запланаваныя “тэарэтычныя і практычныя мерапрыемствы”, на іх асаблівая ўвага будзе нададзеная “індывідуальнай і сумеснай падрыхтоўцы” службовых асоб выканкамаў, ваенных камісарыятаў, арганізацый, а таксама ваеннаабавязаных тэрытарыяльных войскаў.

У Віцебскай і Гомельскай абласцях заняткі пройдуць з 13 па 16 кастрычніка.

Сёлета 17-20 лютага пад кіраўніцтвам аблвыканкамаў па ўсёй краіне ўжо праводзіліся заняткі па мабілізацыйнай гатоўнасці.

У 2025 годзе заняткі па мабілізацыйнай гатоўнасці пад кіраўніцтвам кіраўнікоў рэгіёнаў праводзіліся 7-10 кастрычніка, у 2024-м — 8-11 кастрычніка.

Тэрытарыяльныя войскі — род войскаў Узброеных сіл, які склікаецца ў перыяд вайны або напружанай ваенна-палітычнай абстаноўкі. Выконвае дапаможныя функцыі. Складаецца з асобаў, якія прайшлі службу і якія знаходзяцца ў запасе.

Паводле закона “Аб народным апалчэнні”, прынятага ў 2023 годзе, яго задача заключаецца ў наданні садзейнічання тэрытарыяльным органам унутраных спраў пры забеспячэнні ваеннага становішча, абароне ўласнасці ад “злачынных і іншых супрацьпраўных замахаў”. Стварэнне ініцыяванае Аляксандрам Лукашэнкам. Фармуецца пры кожным сельскім савеце “на добраахвотнай аснове”.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны. Напад пачаўся ў тым ліку з беларускай тэрыторыі. Улады ў Мінску рэгулярна заяўляюць, што на Беларусь рыхтуюцца напасці Украіна і НАТО.

Гл. таксама:

У Беларусі з пачатку 2026 года прайшло мінімум два дзясяткі буйных вучэнняў вайсковых і міліцыі — аналіз

Падзяліцца: