У вайне супраць Украіны з расійскага боку загінула каля 700 беларусаў — АПК

11 кастрычніка, Позірк. У вайне Расіі супраць Украіны загінула каля 700 беларусаў, якія ваявалі на баку РФ, такія звесткі прыводзяцца ў тэлеграм-канале Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК).
Адзначаецца, што некалькі дзясяткаў беларусаў цяпер знаходзіцца ў палоне Узброеных сіл Украіны.
Паводле звестак АПК, на баку РФ цяпер ваюе каля 3–4 тыс. грамадзян Беларусі.
“Для 80% штурмавых пяхотнікаў расійскай арміі першы выхад на заданне становіцца апошнім”, — гаворыцца ў паведамленні.
АПК паведамляе, што 9 кастрычніка ў Варшаве прайшла прэзентацыя Беларускай грамадскай кансультатыўнай рады ў супрацьдзеянні расійскай гібрыднай агрэсіі. Прэзентацыя стала часткай мерапрыемства “Беларусь у архітэктуры гібрыднай агрэсіі Расіі: рызыкі, сцэнарыі і меры рэагавання для ўсходняга флангу НАТО”.
Паводле слоў прадстаўніка АПК па абароне і нацыянальнай бяспецы Вадзіма Кабанчука, мэта ініцыятывы — “наладзіць каардынацыю ў супрацьдзеянні гібрыднай агрэсіі і вярбоўцы беларускіх грамадзян на так званую СВА, а таксама вярбоўцы беларусаў спецслужбамі Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь у Еўропе”.
“Мы плануем на працягу месяца стварыць інтэрнэт-партал, праз які чалавек у складанай сітуацыі зможа звярнуцца па дапамогу, атрымаць кансультацыю і інструкцыі. Будуць і практычныя дзеянні — так званы “выхад у поле” — прафілактычныя меры, каб нашы людзі не траплялі ў складаныя сітуацыі і ў пасткі, якія цяпер спрабуюць расставіць праз сацыяльныя сеткі спецслужбы Расійскай Федэрацыі і Беларусі”, — сказаў Кабанчук.
“Галоўны заклік, які прагучаў на мерапрыемстве: мы ўжо досыць даўно гаворым пра пагрозы гібрыднай агрэсіі і фіксуем, што яна фактычна ўжо адбываецца, — дадаў прадстаўнік АПК. — Расійская Федэрацыя праводзіць гэтыя аперацыі разам з Беларуссю. Пара рабіць практычныя крокі па супрацьдзеянні гэтай гібрыднай агрэсіі і пагрозам “рускага свету”, дзейнічаць на апярэджанне”.
Кабанчук падкрэсліў, што такая задача “стаіць і перад шырокай беларускай супольнасцю, бо гэты наступ паступова закране ўсіх”: “Калі справа дойдзе да маштабнага крызісу і, напрыклад, пад мабілізацыю патрапіць шмат нашых хлопцаў у самой Беларусі — як гэта адбылося на акупаваных Расіяй тэрыторыях Данбаса, Луганска і Крыма, — тады гэтая бяда фактычна закране амаль кожную беларускую сям’ю”.
Каб прадухіліць падобнае развіццё падзей, адзначыў прадстаўнік АПК, неабходны “як мага больш шырокі ўдзел розных структур: асноўных інстытутаў дэмакратычных сіл, грамадскага сектара і палітычных партый”.
8 жніўня на канферэнцыі “Новая Беларусь” у Варшаве Кабанчук паведаміў, што на вайне ва Украіне загінула больш за 500 беларусаў, якія ваявалі на баку РФ.

- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- ГрамадстваЗа тры гады колькасць жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту зменшылася ў Беларусі на 46 тыс. — даныя БелстатаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства


