Мінабароны паведаміла пра пачатак у Беларусі вучэнняў АДКБ

11 кастрычніка, Позірк. Пра пачатак вучэнняў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы паведаміла 11 кастрычніка Міністэрства абароны.
Адзначаецца, што ў Віцебску будуць праходзіць камандна-штабныя вучэнні “Непарушнае братэрства-2026” (Калектыўныя міратворчыя сілы АДКБ), у Старых Дарогах (Мінская вобласць) — спецыяльныя вучэнні “Бар’ер-2026” (сумесныя фарміраванні радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны, а таксама медыцынскага забеспячэння).
Паводле слоў начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл — першага намесніка міністра абароны Уладзіміра Белага, вучэнні праводзяцца “ва ўмовах глабальнага ваенна-палітычнага крызісу, дэградацыі міжнароднай архітэктуры бяспекі, сутнасць якой можна сёння ахарактарызаваць простым прынцыпам: хто мацней, той і мае рацыю”.
“Сітуацыя, якая складваецца, сведчыць, што ўзровень ваеннай небяспекі пастаянна ўзрастае. Краіны Захаду прадаўжаюць прытрымлівацца сваёй канфрантацыйнай палітыкі, робяць усё новыя і новыя спробы ўмяшання ва ўнутраныя справы нашых дзяржаў, спрыяюць зацягванню гарачага ўзброенага канфлікту ва Украіне, паскоранымі тэмпамі нарошчваюць вайсковы патэнцыял, фактычна рыхтуюцца да новай гарачай вайны”, — заявіў Белы.
У сувязі з гэтым, дадаў ён, на дзяржавы АДКБ “кладзецца велізарная адказнасць — эфектыўна процідзейнічаць пагрозам і забеспячэнню бяспекі ў рэгіёне”.
“Менавіта таму мы ўмацоўваем супрацоўніцтва ўнутры арганізацыі, удасканальваем узаемадзеянне ў ходзе нашага сумеснага навучання. Мерапрыемствы, якія мы адкрываем сёння, — чарговае таму пацвярджэнне. Акрамя таго, што вучэнні з’яўляюцца адной з мер стратэгічнага стрымлівання ў дачыненні да агрэсіўна настроеных дзяржаў, мы яшчэ раз дэманструем нашы цёплыя адносіны, узаемадапамогу і яднанне нашых народаў”, — сказаў ён.
Як заявіў намеснік начальніка Аб’яднанага штаба АДКБ Руслан Шпекбаеў (Казахстан), “асаблівасцю маючых адбыцца вучэнняў з’яўляецца тое, што да сумесных дзеянняў, акрамя воінскіх фарміраванняў, прыцягваюцца падраздзяленні органаў унутраных спраў, паліцыі, унутраных войскаў і войскаў нацыянальнай гвардыі”.
Мінабароны адзначае, што на вучэннях плануецца адпрацаваць “пытанні падрыхтоўкі і правядзення міратворчай аперацыі Калектыўнымі міратворчымі сіламі АДКБ і ліквідацыі крыніц біялагічных пагроз у зоне адказнасці гэтых сіл”.
У вучэннях удзельнічаюць воінскія кантынгенты Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі і Таджыкістана. Сярод удзельнікаў — воінскія кантынгенты, прадстаўнікі органаў унутраных спраў, нацыянальнай гвардыі, аператыўныя групы Аб’яднанага штаба і Сакратарыята АДКБ.
Усяго ў вучэннях прымуць удзел больш за 1.500 вайскоўцаў і звыш 300 адзінак узбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі, у тым ліку каля 80 рознатыповых БПЛА.
На пачатку жніўня 2026 года начальнік дэпартамента міжнароднай вайсковай супрацы (МВС) — памочнік міністра абароны па пытаннях МВС Валерый Равенка паведаміў, што Аб’яднаны штаб АДКБ узгадніў задумы вучэнняў “Непарушнае братэрства” і “Бар’ер”. Тады гаварылася, што вучэнні пройдуць 12–16 кастрычніка на палігоне “Лосвіда” (месціцца за 13 км на паўночны захад ад Віцебска).
Варта адзначыць, на пачатку чэрвеня Міністэрства абароны заяўляла, што прадстаўнікі “зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў” Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, а таксама Аб’яднанага штаба і Сакратарыята АДКБ абмеркавалі ў Мінску дэталі гэтых вучэнняў. Тады было заяўлена, што бакі разгледзелі і ўзгаднілі “задумы вучэнняў, склады камандавання і нацыянальных кантынгентаў, парадак розыгрышу практычных дзеянняў, а таксама пытанні арганізацыі ўсебаковага забеспячэння”.
Акрамя таго, паведамлялася, што “праведзеная рэкагнасцыроўка раёнаў правядзення вучэнняў” на двух палігонах — “Лосвіда” і “Старадарожскі”.
У АДКБ уваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан. Армянскія ўлады замарозілі ўдзел краіны ў арганізацыі і заявілі пра магчымы выхад з блока. Ерэван абвінаваціў арганізацыю ў бяздзейнасці падчас карабахскага канфлікту з Азербайджанам, а асобных членаў — у тым, што яны “планавалі вайну” супраць Арменіі разам з Баку.
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства



