Мінск 15:41

Кантакты з Расіяй і Лукашэнкам не азначаюць змены знешнепалітычнага курсу Арменіі — пасыл Пашыняна

Аліеў, Пашынян і Лукашэнка перад самітам СНД у Туркменістане (9 кастрычніка 2026 года)
Фота: неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы Лукашэнкі

17 кастрычніка, Позірк. Кантакты з Расіяй і Аляксандрам Лукашэнкам не азначаюць змены знешнепалітычнага курсу Арменіі, вынікае са слоў прэм’ер-міністра краіны Нікола Пашыняна на брыфінгу 15 кастрычніка пасля пасяджэння ўрада.

Палітык выказаўся на гэты конт у кантэксце адказу на пытанне, якія ў яго стасункі з расійскімі ўладамі, а таксама што грамадства мае зразумець з кантактаў з Лукашэнкам. Журналіст, які задаў гэтае пытанне, у прыватнасці, згадаў сітуацыю, калі на саміце СНД 9 кастрычніка ў Туркменістане Пашынян апынуўся паміж прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым і Лукашэнкам, які дазволіў сабе пажартаваць з армянскага прэм’ера.

“Што тычыцца стасункаў, я яшчэ раз хачу, каб мы зафіксавалі наступнае: з міжнароднымі партнёрамі мы заўсёды стасуемся ў межах карэктнасці — у нейкі дзень больш, у нейкі менш, — сказаў на брыфінгу Пашынян. — І наша палітыка вызначаецца нашай [самастойнай] палітыкай, [а не характарам кантактаў], усё астатняе — вынік неразумення таго, як гэта працуе”.

“Напрыклад, людзі кажуць: усё, з такім-та мы больш увогуле не размаўляем. Але існуе пэўны фармат [дыпламатычных стасункаў]: мы едзем і працуем. <…> Хіба я казаў, што не буду вітацца [з Лукашэнкам]? Ці казаў, што, пабачыўшы яго, збочу з дарогі? Я сказаў, што мы не паедзем у Беларусь і што нашы афіцыйныя дэлегацыі туды не паедуць. Яны туды і не ездзілі. Так, гэта дэмарш”, — дадаў прэм’ер Арменіі.

Падчас супольнага фатаграфавання ўдзельнікаў згаданага саміту СНД Лукашэнка, звяртаючыся да Аліева, заявіў пра Пашыняна: “Нікуды ён ад нас не падзенецца”, а самому кіраўніку армянскага ўрада сказаў: “Будзеш цяпер паміж”. Тыя ў адказ толькі ўсміхнуліся.

На тым жа мерапрыемстве Пашынян коратка паразмаўляў з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным. Увагу прэсы прыцягнула тое, як расійскі кіраўнік па-сяброўску папляскаў армянскага суразмоўцу па спіне, хоць перад парламенцкімі выбарамі ў Арменіі, якія прайшлі на пачатку чэрвеня, Масква пачала аказваць на Ерэван палітычны і эканамічны ціск.

Стасункі паміж Мінскам і Ерэванам істотна пагоршыліся некалькі гадоў таму.

Падчас апошняга карабахскага ваеннага канфлікту (першая фаза — восень 2020 года, другая — восень 2023-га) улады Беларусі фактычна падтрымалі Азербайджан, а не Арменію — сваю саюзніцу па шэрагу інтэграцыйных утварэнняў, у тым ліку па Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ). У выніку канфлікту непрызнаная Нагорна-Карабахская Рэспубліка спыніла існаванне, а тэрыторыі, якія яна кантралявала, перайшлі пад кантроль Баку.

Ерэван, які стаяў ля вытокаў стварэння АДКБ, папракнуў ваенна-палітычны блок у бяздзейнасці ў гэтай сітуацыі. Больш за тое, паводле сцвярджэння Пашыняна, некалькі краін АДКБ фактычна дапамагалі Баку. Не назваўшы гэтыя дзяржавы наўпрост, армянскі прэм’ер недвухсэнсоўна намякнуў, што адна з іх — Беларусь.

Арменія стала байкатаваць усе мерапрыемствы па лініі АДКБ, фактычна замарозіўшы свой удзел у ёй. 2 чэрвеня 2024 года Пашынян, выступаючы перад парламентам, заявіў пра магчымы выхад краіны з блока.

13 чэрвеня палітык сказаў, што ні ён, ані які-небудзь іншы афіцыйны прадстаўнік краіны не паедзе ў Беларусь, пакуль ва ўладзе ў Мінску знаходзіцца Лукашэнка. Кіраўнік армянскага ўрада заявіў гэта ў кантэксце выказванняў Лукашэнкі пра карабахскі канфлікт на сустрэчы з Аліевым у сярэдзіне траўня таго ж года.

На гэтым фоне Арменія стала развіваць стасункі з Еўрасаюзам. У студзені 2025 года ўрад краіны ўхваліў, у лютым парламент прыняў, а ў красавіку прэзідэнт падпісаў закон “Аб пачатку працэсу ўступлення Рэспублікі Арменія ў Еўрапейскі саюз”. Лукашэнка неаднаразова крытыкаваў Ерэван за еўрапамкненні, а ў траўні 2026 года разам з лідарамі іншых краін ЕАЭС падпісаў заяву, у якой утрымліваецца заклік да армянскіх уладаў як мага хутчэй правесці рэферэндум пра членства краіны ў ЕАЭС або ЕС.

Падзяліцца: