Зяленскі: Расіі патрэбная падтрымка Лукашэнкі, каб на тэрыторыі Беларусі была размешчаная балістыка

17 кастрычніка, Позірк. Расія хоча размясціць у Беларусі балістычную зброю, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 17 кастрычніка падчас анлайн-брыфінгу праз WhatsApp.
“Ці існуе пагроза ўдараў і павелічэння колькасці атак на заходнюю частку нашай дзяржавы? Безумоўна. Ці рыхтуецца да гэтага Расія? Я думаю, так”, — цытуе палітыка інфармагенцтва УНІАН.
“Нам вядома, што яны размяшчаюць рэтранслятары на тэрыторыі Беларусі, каб карыстацца калідорам для дронаў і ўзмацняць атакі, — заявіў ён. — Але ім гэтага мала. Ім патрэбная падтрымка Лукашэнкі для таго, каб на тэрыторыі Беларусі была размешчаная ў тым ліку балістыка. І размяшчэнне балістыкі на тэрыторыі Беларусі — гэта пагроза найперш для захаду (заходняй часткі Украіны. — “Позірк”.)”.
“Я думаю, такія планы Пуцін мае… Але гэта непасрэднае ўцягванне Беларусі ў гэтую вайну. Непасрэднае”, — дадаў Зяленскі, заклікаўшы ўлады ў Мінску не ісці на гэты крок, бо непасрэдны ўдзел у вайне супраць Украіны “гэтак жа сама небяспечны” для беларускіх грамадзян.
Палітык паведаміў, што на захадзе Украіны ўзмацняюць супрацьпаветраную абарону там, дзе ўжо існуе альбо прагназуецца падвышаная пагроза ўдараў.
Пра тое, што Масква “імкнецца выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю і вайсковыя рэсурсы для пашырэння геаграфіі баявых дзеянняў супраць Украіны”, заявіў начальнік Галоўнага ўпраўлення выведкі ўкраінскага Міністэрства абароны Алег Івашчанка ў інтэрв’ю агенцтву “Укрінформ”, апублікаваным 7 верасня. Аднак на той момант, паводле яго слоў, не было “прыкмет падрыхтоўкі Беларусі да ўступлення ў вайну супраць Украіны”. Узровень ваеннай пагрозы з беларускага кірунку ён тады ацаніў як нізкі.
У той жа час, сказаў кіраўнік ГУВ, “непакоіць наданне Беларуссю дазволу на размяшчэнне на сваёй тэрыторыі рэтранслятараў радыёсігналаў, якія наводзяць расійскія ўдарныя БПЛА тыпу “Шахед” на ўкраінскія грамадзянскія аб’екты і крытычную інфраструктуру”.
“Таксама адзначаем размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі падраздзяленняў 101-й ракетнай брыгады УС РФ, на ўзбраенні якой знаходзіцца ракетны комплекс сярэдняй далёкасці “Арэшнік”. А калі Беларусь такога дазволу не давала, гэта сведчыць пра тое, што Мінск ужо не кантралюе дзейнасць Расіі на ўласнай тэрыторыі”, — адзначыў Івашчанка.
На пачатку верасня прэс-сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дзямчэнка заявіў, што РФ працягвае чыніць ціск на Беларусь: “У прыватнасці, дзеля прыцягнення яе ўласных сіл да вайны супраць Украіны”. Разам з тым, паводле яго слоў, непасрэдна цяпер нарошчвання сіл на беларускай тэрыторыі — у непасрэднай блізкасці да ўкраінскай мяжы — не фіксуецца.
24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшую ў Еўропе пасля Другой сусветнай. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі надаў арміі РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а пасля на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Паводле звестак журналістаў-расследавальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы цяпер актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 16 кастрычніка 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- ЭканомікаУ студзені–верасні ў Мінскай вобласці была найлепшая дынаміка сельгасвытворчасці, у Гродзенскай — найгоршаяМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка"Банкаўскі веснік": Асноўная прычына росту цэн — інфляцыя выдаткаў дзяржпрадпрыемстваў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства, Палітыка, Эканоміка
- Грамадства



