Мінск 11:35

Беларусь сярод найбуйнейшых імпарцёраў расійскага фасаванага малака і вяршкоў

Ілюстрацыйнае фота: freepik / magnific.com

19 кастрычніка, Позірк. У 2026 годзе Беларусь уваходзіць у лік найбуйнейшых імпарцёраў расійскага фасаванага малака і вяршкоў, паведамляе Федэральны цэнтр развіцця экспарту прадукцыі аграпрамысловага комплексу Міністэрства сельскай гаспадаркі РФ (“Аграэкспарт”).

Паводле інфармацыі ведамства, беларускі бок закупіў гэтай прадукцыі на суму больш як 2,5 млн долараў. Для параўнання: Грузія набыла прыкладна на 2,7 млн долараў, Кыргызстан — каля 5,7 млн, Казахстан — больш за 15,5 млн.

“Паводле ацэнак экспертаў, за перыяд са студзеня да жніўня 2026 года (без уліку даных краін ЕАЭС за жнівень) Расія паставіла на замежныя рынкі больш за 24 тыс. тон фасаванага малака і вяршкоў коштам каля 35 млн долараў ЗША, — гаворыцца ў паведамленні. — У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года экспарт вырас на 11% у натуральным выражэнні і на 17% — у вартасным”.

“Па выніках 8 месяцаў 2026 года Расія дэманструе рэкордныя для гэтага перыяду паказчыкі экспартнай выручкі ад паставак фасаванага малака і вяршкоў. Максімальны аб’ём экспарту ў вагавым выражэнні быў зафіксаваны ў 2016 годзе — каля 35 тыс. тон. Усяго за восем месяцаў 2026 года Расія паставіла фасаванае малако і вяршкі на рынкі больш як 70 краін свету”, — заявіў “Аграэкспарт”.

Як паведамляў “Позірк” са спасылкай на Нацыянальны статыстычны камітэт, вытворчасць прадукцыі ў беларускіх гаспадарках усіх катэгорый (сельгасарганізацый, фермерскіх гаспадарак, насельніцтва) у студзені — верасні 2026 года ў наяўных цэнах склала 31,4 млрд рублёў — у супастаўных цэнах на 4,6% больш, чым за аналагічны перыяд 2025-га.

Сярод іншага адзначалася, што за гэты перыяд ў сельгасарганізацыях выраблена 6 млн 981,7 тыс. тон малака (+2,8% у гадавым вымярэнні).

Падзяліцца: